Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню судзяць па артыкуле аб «адмаўленьні генацыду беларускага народу»


Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Жыхар Менскага раёну Андрэй Савіцкі апынуўся на лаве падсудных паводле абвінавачаньня па артыкуле 130-2 частка 1 Крымінальнага кодэксу — за «адмаўленьне генацыду беларускага народу».

Таксама Савіцкага вінавацяць у абразе Лукашэнкі паводле часткі 1 артыкула 368 КК. Працэс над Андрэем Савіцкім пачаўся 23 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», з кастрычніка 2020 па лістапад 2023 году Андрэй Савіцкі, згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, разьмясьціў у «Аднаклясьніках» некалькі публікацый з «нэгатыўнай ацэнкай Лукашэнкі», а таксама публікацыю, у якой «адмаўляў масавае зьнішчэньне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС Ота Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай апэрацыі 22 сакавіка 1943 году».

Паводле абвінавачаньня, гэта супярэчыць афіцыйна прынятай у Беларусі гісторыі вайны.

«У сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народу з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі», — сьцьвярджала МУС Беларусі пасьля затрыманьня Андрэя Савіцкага.

Працэс над Андрэем Савіцкім па артыкуле аб генацыдзе — першы з часу прыняцьця ў студзені 2022 году закону «Аб генацыдзе беларускага народу».

У грамадзтве і паміж беларускімі гісторыкамі працягваюцца спрэчкі адносна некаторых фактаў Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі і вызначэньня гэтых фактаў як генацыду.

Андрэю Савіцкаму 54 гады, яго затрымалі ў сакавіку 2024 году і з таго часу ўтрымліваюць у СІЗА. Судзіць Савіцкага судзьдзя Яўген Пісарэвіч, які ўжо выносіў абвінаваўчыя прысуды па палітычна матываваных справах.

Падсуднаму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG