Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка.
Выбары прызначаныя нашмат раней, чым можна было чакаць, паколькмі папярэднія адбыліся ў жніўні 2020 году. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька з гэтай нагоды адказаў на пытаньні Свабоды.
— Ці можна назваць гэту кампанію выбарамі?
— Гэтая кампанія ўжо абазначаная як «Бязвыбары – 2025». Гэтая фармулёўка, гэта тэрміналёгія цалкам адлюстроўвае тое, што цяпер адбываецца. Таму што выбары павінны адпавядаць пэўным крытэрам, якія ня проста там некім прызнаныя, але і зафіксаваныя ў шэрагу дакумэнтаў. І ні па адным з гэтых крытэраў мы туды ніяк не трапляем. Дакладней, ня «мы», а беларускі рэжым.
А пад «бязвыбары» — так. Таму што назваць гэта «выбарамі» нельга, пачынаючы ад таго, што прызначаюць удзельнікаў гэтага працэсу. Іх не выбіраюць людзі ці нават працэдура. Вызначаюць там недзе ў кабінэтах на вуліцы Камсамольскай у Менску, потым ставяць штамп у Чырвоным доме. Нельга назваць выбарамі, калі ўжо, я ў гэтым абсалютна не сумяняваюся, так было і раней, а цяпер тым больш, ужо падтрыхтаваныя пратаколы зь лічбамі. То бок бюлетэнь шараговага выбарніка нічога не азначае. Ён роўны нулю, таму што лічбы ўжо прапісаныя — колькі прагаласавалі «за» Лукашэнку, колькі ўстрымаліся, колькі супраць. Гэта гульня бяз правілаў.
Нельга лічыць выбарамі, калі патэнцыйных удзельнікаў гэтага працэсу трымаюць у турмах альбо прымусілі пакінуць краіну.
Нельга лічыць гэта выбарамі, калі некалькім сотням тысяч, як мінімум, не даюць магчымасьці рэалізаваць іх канстытуцыйнае права — тыя, хто за межамі, ня будуць галасаваць.
Так што гэта толькі першы погляд на тое, што будзе адбывацца. Гэта спэцапэрацыя па ўтрыманьні ўлады «Бязвыбары – 2025», на якой Лукашэнка хоча перагарнуць старонку 2020 году.
— Мінулыя выбары 2020 году праходзілі ў жніўні. Чаму гэтая кампанія так рана, як вы думаеце?
— Мы ж бачым, што Лукашэнку ўжо не прадаюць як «мачо»... Тут шмат чыньнікаў, якія змушаюць сьпяшацца. Першы — гэта нялепшы стан Лукашэнкі — фізычны, маральны. Тут невядома, што будзе яшчэ сёньня. Так, Пуцін як бы ставіць на Лукашэнку адзназначна, але разам з тым чым хутчэй, тым лепш. Лукашэнку трэба зафіксаваць факт агучваньня пратаколаў, якія падрыхтаваныя, бо усе астатнія фактары прымушаюць яго. Час не ягоны хаўруснік, не ягоны рэсурс.
— Што будзеце рабіць вы асабіста, апазыцыя, дэмакратычныя сілы?
— У гэтай сытуацыі магчымасьць выбару ў нас ня вельмі высокая. Першае — трэба аб’яднаць тых, хто любіць падчас выбарчай кампаніі пазмагацца не з рэжымам, а адзін з адным. То бок ёсьць частка людзей, якія кажуць, што ў гэтым ніяк ня трэба ўдзельнічаць, а другія кажуць, што трэба актыўнасьць, а не ляжаньне на канапе. І тут трэба мараторый на сваркі паміж гэтымі групамі. Бо яны па адзін бок барыкады.
І трэба далучацца да пазытыўнай кампаніі, якая, думаю, усё роўна будзе. Трэба гаварыць людзям, што такое выбары і якім крытэрыям яны адпавядаюць, і гаварыць пра пазытыўную альтэрнатыву для людзей.
Другая кампанія можа быць нэгатыўная — гэта якраз высьвечваць усе недахопы: чаму гэта спэцапэрацыя і чаму гэта ня можа быць прызнана. На міжнароднай арэне — гэта дамагацца дэлегімітызацыі, непрызнаньня гэтых фэйкавых выбараў і змагацца за людзей і за тое, што ў іх у галовах, гэта самае галоўнае. Каб яны не прынялі гэта як выбары. А падчас галасаваньня — гэта абсалютна зразумела: нашага кандытата завуць «супраць усіх».
Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасьля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.
- Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
- Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў 22 кастрычніка заявіў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку спробаў дэстабілізацыі ў часе выбараў прэзыдэнта ў 2025 годзе, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
Форум