Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другога беларускага добраахвотніка завочна асудзілі ў Данецку на 14 гадоў зьняволеньня


Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добр добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага
Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добр добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага

Суд так званай «ДНР» завочна асудзіў да 14 гадоў пазбаўленьня волі добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага, 21-гадовага грамадзяніна Беларусі Аляксандра Думбляўскаса.

Беларус прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэксу Расеі (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце) за тое, што «ў пэрыяд з лютага 2022 году па ліпень 2024 году ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага прымаў удзел у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны», гаворыцца на сайце пракуратуры акупаванага Расеяй Данецку.

Раней Аляксандра Думбляўскаса «абвясьцілі ў міжнародны вышук» і завочна арыштавалі.

Аляксандар Думбляўскас — сірата. Ён быў сябрам 17-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага — таксама сіраты, які ў траўні 2021 году загінуў, скінуўшыся з 16-га паверху менскага інтэрнату пасьля ціску сілавікоў.

На Думбляўскаса і Стахоўскага тады завялі крымінальную справу па арт. 293 ч. 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Удзел масавых беспарадках) за ўдзел у пратэстах 2020 году. Думбляўскаса затрымалі і ён прасядзеў 11 месяцаў у беларускім СІЗА. Пасьля выхаду на волю яго эвакуявалі зь Беларусі.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Думбляўскас далучыўся да палка Каліноўскага, узяў пазыўны «Тунгус».

  • У ліпені Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў грамадзян Беларусі Яна Дзюрбейку і Аляксандра Думбляўскаса, добраахвотнікаў з палку Кастуся Каліноўскага.
  • 17 верасьня пракуратура так званай «ДНР» накіравала ў суд справу супраць 28-гадовага Яна Дзюрбейкі, які, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. 7 кастрычніка яго завочна асудзілі на 14 год зьняволеньня.
  • Варта адзначыць, што байцы палка Яна Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў («Клешч») трапілі ў расейскі палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. З таго часу пра тое, дзе яны і ў якім стане, невядома. Месцазнаходжаньне Думбляўскаса таксама невядомае.
  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, пазьней трансфармаваўся ў полк.
  • У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага завялі крымінальную справу, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG