Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму перамога прыхільнікаў Эўразьвязу ў Малдове ня надта пераканаўчая? Тлумачэньне малдоўскага аналітыка Батнару


Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў ў Малдове.
Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў ў Малдове.

Малдоўскі журналіст і палітычны аглядальнік Васіле Батнару аналізуе нечаканыя вынікі рэфэрэндуму і выбараў у Малдове, расказвае, як працуе машына подкупу выбарнікаў, і ацэньвае пэрспэктывы апазыцыйнага кандыдата.

Сьцісла:

  • Самая эфэктыўная прапаганда супраць эўрапейскай інтэграцыі — гэта цэны, холад у кватэрах, беспрацоўе — звычайныя побытавыя рэчы, неўладкаванасьць жыцьця.
  • Шмат каго ў Малдове разбэсьцілі да таго, што яны і не ўяўляюць, што можна выказваць сваю пазыцыю бяз грошай.
  • Сацыялісты падабралі Стаяноглу з даўгой лавы запасных.
  • Рэфэрэндум прадэманстраваў раўнавагу паміж прыхільнікамі і праціўнікамі эўраінтэграцыі.

— 20 кастрычніка ў Малдове адбыліся рэфэрэндум і першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Магчыма, адзін з самых нечаканых з пункту гледжаньня папярэдніх прагнозаў вынікаў — фактычна поўная роўнасьць (50 на 50 працэнтаў) паміж тымі, хто галасаваў «за» і «супраць» эўрапейскай інтэграцыі. Да дня галасаваньня большасьць сацыёлягаў заяўлялі, што за эўраінтэграцыю прагаласуе пераканаўчая большасьць грамадзянаў Малдовы. Аднак у выніку прыхільнікі эўраінтэграцыі перамаглі зь перавагай у долі працэнта. Наколькі гэта быў нечаканы вынік і чым, на вашу думку, ён тлумачыцца?

— Перш за ўсё я павінен спаслацца на тлумачэньні ўладаў Малдовы, якія заявілі, што была запушчана вельмі эфэктыўная машына подкупу выбарнікаў. І галоўны ўдар наносіўся менавіта ў бок рэфэрэндуму. І прэм’ер-міністар, і прэзыдэнт Мая Санду літаральна пасьля пачатку падліку галасоў казалі пра 300 тысяч выбарнікаў, якія апрацоўваліся, у першую чаргу, ня проста галаслоўнай прапагандай, а грашыма.

Таму ўлады кажуць, што спрацавала гэтая машына, праплачаная празь вядомага алігарха, асуджанага Ілана Шора, які асеў у Маскве пасьля таго, як перачакаў буру ў Ізраілі. Гэта адно тлумачэньне. Другое — журналісты і палітолягі кажуць, што, вядома, была эўфарыя, што «Эўропа нам дапаможа». Пачасьціліся візыты эўрапейскіх палітыкаў, была агучаная сума дапамогі Малдове 1 мільярд 800 мільёнаў эўра — усё гэта нібы павінна было падштурхнуць жаданьне малдаван пайсьці ў Эўропу.

— А як можна падкупіць выбарніка? Галасаваньне таемнае, ён можа ўсё што заўгодна паабяцаць гэтым агітатарам, а потым прыйсьці і прагаласаваць так, як палічыць патрэбным. Калі чалавек мае сапраўдныя погляды — ён прыйдзе і прагаласуе адпаведна сваім перакананьням?

— На жаль, гэтыя людзі не апэруюць такімі катэгорыямі, як погляды ці перакананьні. Можна гаварыць з пэўнай доляй імавернасьці, што ў іх ёсьць перакананьні савецкага чалавека, які з калгаснага дабра краў і ў гэтым нічога ганебнага ня бачыў. Было расьсьледаваньне напярэдадні, як працавала ўся гэтая машына подкупу. Яны літаральна атрымлівалі грошы, заробак за тое, каб хадзіць і крычаць перад судовымі інстанцыямі, ладзіць усялякія пратэсты за грошы. Ім плацілі пагадзінна ці падзённа, ім трэба было крычаць, раздаваць улёткі. Прычым патрабавалася прадстаўляць фатаграфіі, доказы, здымаць на тэлефон, як яны раздаюць улёткі ці як трымаюць лёзунгі.

Гэта месяцамі доўжылася. Іх аўтобусамі прывозілі, і яны як на працу прыходзілі, уладкоўваліся на начлег перад міністэрствамі ў намётах, і гэта быў такі своеасаблівы заробак. На жаль, шмат каго зьь іх разбэсьцілі да таго, што яны і не ўяўляюць сабе, як можна выказваць сваю пазыцыю бяз грошай. Гэта ўжо стала своеасаблівым заробкам, іх назвалі «палітычныя бабулі хуткага рэагаваньня».

— Вынікі рэфэрэндуму паказалі, што перамогу прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі выцягнула малдоўская дыяспара, якая сама ўжо жыве пераважна ў Эўропе. І атрымліваецца, што ёсьць розьніца ў малдоўскім грамадзтве паміж тымі, хто жыве на Захадзе, і тымі, хто жыве ўнутры самой Малдовы. Ці гавораць пра гэта малдоўскія палітыкі, аналітыкі як пра нейкі сур’ёзны чыньнік, сур’ёзны разрыў?

— Я спадзяюся, што пасьля такіх вынікаў галасаваньня ўлады пачнуць чухаць патыліцу. Для многіх было як бы відавочна, што Эўропа лепшая, чым пуцінская Расея. І здавалася, што людзям ня варта тлумачыць лішні раз, наколькі гэта лепей. А з таго боку працавала прапаганда на вельмі вялікіх абаротах у стылі Марыі Захаравай пра эўрапейскія каштоўнасьці, якія супрацьлеглыя артадаксальным і гэтак далей. І дыяспара перапалохалася, яна зразумела, што насамрэч існуе небясьпека, што возьмуць верх людзі, якія ня ведаюць, што такое сапраўдная Эўропа.

Але самая эфэктыўная прапаганда супраць эўрапейскай інтэграцыі — гэта цэны, гэта холад у кватэрах, гэта беспрацоўе — звычайныя побытавыя рэчы, неўладкаванасьць і гэтак далей.

Нават тыя грошы, якія прыходзілі ў Малдову з Эўропы, яны ж не прыходзяць да чалавека непасрэдна. Так, адрамантуюць школу ці дарогу. Амаль у кожным сяле ў Гагаузіі прысутнічаюць эўрапейскія грошы, але, тым ня менш, гагаузы іх ня бачаць у сябе ў гаманцы. І вось гэта самы галоўны праціўнік эўраінтэграцыі.

І тут улады павінны працаваць вельмі канкрэтна ня з тымі, хто «за», а менавіта з тымі, хто «супраць». Тлумачыць ім, чаму гэта функцыянуе і на побытавым узроўні, як яно адаб’ецца ці ўжо адбіваецца на жыцьці людзей.

— Калі гаварыць аб прэзыдэнцкіх выбарах, то ў другі тур выйшлі Аляксандр Стаяноглу і цяперашняя прэзыдэнтка Мая Санду. Наколькі я зразумеў, чытаючы напярэдадні выбараў аналітыку, — яму прагназавалі нашмат меней працэнтаў. Ці будзе ён пасьля выбараў сур’ёзным палітычным гульцом, новым лідэрам апазыцыі (калі зыходзіць з таго, што Санду, хутчэй за ўсё, выйграе ў другім туры)?

— Пачнем з таго, што сацыялісты яго падабралі, скажам так, з даўгой лавы запасных. Кажуць, што лідэр сацыялістаў і былы прэзыдэнт Ігар Дадон узяў яго ў піку Маскве — несамавітага, з падмочанай рэпутацыяй падчас працы на пасадзе генэральнага пракурора. І раптам Стаяноглу набірае даволі шмат галасоў — 26 працэнтаў.

Але гэта не азначае, што нават сацыялісты яго будуць з усёй душой падтрымліваць. І гэта не азначае, што астатнія кандыдаты, якія ня выйшлі ў другі тур, будуць заклікаць за яго галасаваць.

— У выніку рэфэрэндуму папраўкі пра эўрапейскі выбар будуць унесеныя ў канстытуцыю Малдовы. Што гэта практычна азначае, якія крокі далей?

— Пасьля ўнясеньня такіх паправак у Канстытуцыю ужо ніякі будучы ўрад ці прэзыдэнт ня могуць адступіць ад гэтай мэты, ад эўраінтэграцыі. Для такога развароту патрэбная будзе канстытуцыйная большасьць у парлямэнце ці зноў рэфэрэндум, што малаімаверна.

Іншая справа, што праэўрапейскі шлях можна байкатаваць з дапамогай невыкананьня праграм, можна зацягваць тыя праекты, на якія Эўропа будзе выдзяляць грошы. Прыкладам гэтага можа быць рэформа юстыцыі, якая доўжыцца ўжо дзесяцігодзьдзямі і ніяк ня скончыцца. Заўсёды ёсьць прэтэнзіі да судовай сыстэмы, якая жыве асобным жыцьцём.

— А што кажа сам Эўразьвяз? Яны заяўляюць, што хочуць бачыць Малдову ў сваім саюзе?

— Так, і нават былі названыя канкрэтныя тэрміны — Мая Санду казала пра 2030-ы год. Але зараз, калі рэфэрэндум прадэманстраваў раўнавагу паміж прыхільнікамі і праціўнікамі эўраінтэграцыі, у Эўропы таксама можа быць некаторы сумнеў. Маўляў, мы столькі вас падтрымлівалі, столькі для вас рабілі, лічылі, што ў вас такое непераадольнае жаданьне ўліцца ў Эўропу — і раптам аказваецца, што ў Малдове прыхільнікаў Эўропы не 60 працэнтаў, пра што казалі апытаньні, а ўсяго толькі 50.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG