Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі ўпершыню за 2,5 года пагутарыў па тэлефоне з Пуціным


Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Вучыч, 2019 год
Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Вучыч, 2019 год

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч у нядзелю паразмаўляў па тэлефоне з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Пра гэта распавёў сам Вучыч у відэа, апублікаваным у яго інстаграме.

Прэзыдэнт Сэрбіі падкрэсьліў, што гэта іх першая тэлефонная размова за 2,5 года. Паводле Вучыча, ён «выказаў надзею», што Сэрбія і ў будучым ня будзе ўводзіць санкцыяў у дачыненьні да Расеі. Ён таксама падзякаваў Пуціну за расейскую падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Сэрбіі ў ААН (гаворка ідзе пра непрызнаньне Расеяй незалежнасьці Косава, якую прызнае крыху больш за палову краін — членаў ААН). Асобна Вучыч адзначыў, што падзякаваў Пуціну за забесьпячэньне паставак газу з Расеі гэтай зімой.

Вучыч адзначыў, што адной з нагод для размовы стала 80-я гадавіна вызваленьня Бялграду Чырвонай Арміяй і югаслаўскімі падраздзяленьнямі падчас Другой сусьветнай вайны. Саму размову ён назваў «добрай, адкрытай, доўгай і зьмястоўнай». Пра тое, ці абмяркоўвалася вайна ва Ўкраіне, ён не згадаў.

У Крамлі пацьвердзілі факт размовы прэзыдэнтаў. «З абодвух бакоў выказана задавальненьне ўзроўнем двухбаковых адносін, якія грунтуюцца на духоўнай, культурнай і гістарычнай супольнасьці, адзінстве ацэнак мінулага і сучаснасці», — сказана ў паведамленьні Крамля. У ім таксама гаворыцца, што «была абмеркаваная сытуацыя вакол Украіны», а Ўладзімір Пуцін «даў ацэнку хады спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як расейскія ўлады называюць вайну ва Ўкраіне.

Сэрбія афіцыйна асудзіла расейскае ўварванне ва Ўкраіну, аднак не далучылася да ўведзеных супраць Расеі санкцый. У ЭЗ указвалі на тое, што як кандыдат на ўступленне ў Эўразьвяз Сэрбія павінна прытрымлівацца агульнай палітычнай лініі, аднак пакуль не ўвялі нейкіх мераў, каб заахвоціць Бялград далучыцца да санкцый.

У канцы жніўня, выступаючы ў Празе, Вучыч адпрэчыў цьвярджантні пра тое, што ён падтрымлівае цесныя сувязі з Уладзімірам Пуціным, а таксама запэўніў, што ягоная краіна не зьяўляецца «траянскім канём» Масквы ў Эўропе. Тады Вучыч адзначыў, што не размаўляў з Пуціным ужо два з паловай гады — ад пачатку расейскага маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пры гэтым Вучыч ня стаў адмаўляць, што ў Сэрбіі традыцыйна вельмі добра ставяцца да Расеі. «Мы гэтага не хаваем, і я не саромеюся гэтага», — падкрэсьліў ён. Ён адзначыў, што ў ЭЗ ня згодныя з пазіцыяй Сэрбіі, якая, у адрозненне ад пераважнай большасьці іншых краін — кандыдатаў на ўступленьне ў Эўразьвяз, не ўвяла санкцыяў супраць Расеі, але «разумеюць» пазіцыю Бялграду.

Заходнія лідэры — за выключэннем прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана — з 2022 году практычна ня маюць кантактаў з Уладзімірам Пуціным. Нядаўна канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў, што мог бы пасля доўгага перапынку патэлефанаваць Пуціну, каб абмеркаваць вайну ва Ўкраіне. Аднак ні пра якія канкрэтныя пляны падрыхтоўкі такой размовы не паведамлялася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG