Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кароткатэрміновай пэрспэктыве ўступленьне Ўкраіны ў NATO выглядае фантастыкай, — Андрэй Казакевіч


Оляф Шольц і Джо Байдэн, Бэрлін, 18 кастрычніка 2024
Оляф Шольц і Джо Байдэн, Бэрлін, 18 кастрычніка 2024

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч тлумачыць, чаму Расеі цяпер нявыгадныя паўза і замірэньне ў вайне, аналізуе, калі і на якіх умовах Украіна можа ўступіць у NATO, і тлумачыць, чаму Кіеву не патрэбна ўключэньне ў канфлікт Беларусі.

Сьцісла:

  • Асноўная перашкода для замірэньня цяпер — ваенныя посьпехі Расеі.
  • «Плян Зяленскага» не падаецца вельмі рэалістычным многім заходнім палітыкам і аналітыкам.
  • Пытаньне — дзе праходзіць мяжа дзяржавы, якую краіны NATO мусяць абараняць.
  • Магчыма, Трамп яшчэ сам да канца ня ведае, як ён будзе дзейнічаць.
  • Уключэньне ў канфлікт Беларусі — ніяк не ў інтарэсах Украіны.

— У гэтыя дні палітыкі абмяркоўваюць «Плян перамогі» прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага. Якое ўражаньне гэты плян зрабіў на заходніх палітыкаў і якія шанцы на тое, што Ўкраіна атрымае тое, што яна імкнецца атрымаць?

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

— Уражаньне гэты плян зрабіў невялікае. І гучных галасоў у ягоную падтрымку пакуль не чуваць, нават сярод краін, які адназначна падтрымліваюць Украіну. Вядома, ня ўсе пункты пляну раскрываюцца, таму мы можам гаварыць толькі пра тое, што ёсьць у адкрытым доступе.

Аднак нейкія амбітныя пляны Кіева, зьвязаныя з ваеннымі посьпехамі, вельмі складана абмяркоўваць у сытуацыі, калі ўкраінская армія знаходзіцца фактычна ў адступленьні ўжо каля году. На гэтым фоне ўсё больш трывожных сыгналаў ідзе з украінскага грамадзтва наконт таго, што мабілізацыйны рэсурс ужо ў значнай ступені вычарпаны. Людзей, якія хацелі б добраахвотна ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях, па ўсім відаць, цяпер ня так і шмат, — таму ёсьць праблемы з папаўненьнем украінскай арміі.

На гэтым фоне такія пляны ўспрымаюцца дастаткова скептычна. Бо ў войску асноўнае — гэта людзі, маральны дух. Наконт гэтага існуюць сумневы ў многіх заходніх палітыкаў. Таму празьмернага энтузіязму ня бачна. І сам «плян Зяленскага» не падаецца вельмі рэалістычным для многіх заходніх палітыкаў і аналітыкаў. Як нейкая аснова ці рамка для дыскусіі пра будучае ўрэгуляваньне ці заканчэньне вайны гэты плян магчымы, але чакаюцца сур’ёзныя карэкціроўкі.

— Наколькі рэалістычнаю выглядае магчымасьць прыняцьця Ўкраіны ў NATO бліжэйшым часам (гэта ці не галоўны пункт у «пляне перамогі» Зяленскага)?

— У кароткатэрміновай пэрспэктыве — год, два, тры — уступленьне Ўкраіны ў NATO выглядае фантастыкай.

Возьмем палітычны ўзровень. Патрэбная згода ўсіх краін NATO. Відавочна, што атрымаць яе будзе немагчыма. Ёсьць Вугоршчына, Турэччына, Славаччына, магчыма, яшчэ нехта — тыя краіны, якія будуць гэтае ўступленьне блякаваць.

Таксама чыста тэхнічна пакуль што Ўкраіна не гатовая да ўступленьня ў альянс — і з гледзішча арганізацыі войска, і з гледзішча стабільнасьці межаў. Бо пытаньне стаіць: дзе праходзіць мяжа дзяржавы, якую краіны NATO мусяць абараняць? Калі б канфлікт быў нейкім чынам замарожаны, калі б хоць нефармальна была зафіксаваная нейкая мяжа падзелу паміж Расеяй і Ўкраінай — то гэтая схема, якая ўжо прапаноўвалася з украінскага боку (што абавязкі краінаў NATO тычацца менавіта гэтай тэрыторыі), хаця б тэарэтычна была б магчымая. Але калі фронт рухомы, калі незразумела, дзе праз тыдзень будуць стаяць украінскія і расейскія войскі, — усё гэта робіць практычна немагчымым цяперашняе ўступленьне Ўкраіны ў NATO.

Таму — пасьля замарожваньня канфлікту гэта магчыма (прынамсі, тэарэтычна). І ўсё роўна гэта ня будзе простым працэсам.

— Усё часьцей гучаць заявы пра магчымае замірэньне — як з Захаду, так і з Кіева. Ці сапраўды лёгіка вайны прыводзіць да нейкага варыянту перамір’я? Як падаецца, на сёньняшні момант цяжка знайсьці той варыянт мірнага пагадненьня, які задаволіць і Ўкраіну, і Расею?

— Асноўная перашкода для замірэньня цяпер — ваенныя посьпехі Расеі. Мы назіраем пэўныя посьпехі расейскай арміі, займаньне гарадоў, якія не ўдавалася захапіць цягам двух папярэдніх гадоў (як Вуглядар). Усё гэта прыводзіць да таго, што Расеі зараз нявыгадныя паўза, замірэньне.

Аднак і ва Ўкраіне ёсьць дастатковая колькасьць людзей і ў войску, і ў палітычным спэктры, якія гатовыя да працягу вайны. Прынамсі да таго моманту, калі Ўкраіна зможа гаварыць з пазыцыі сілы, маючы добрыя пазыцыі.

— Што могуць зьмяніць для ўкраінска-расейскай вайны выбары прэзыдэнта ЗША? Больш-менш зразумела, што ў выпадку перамогі Камалы Гарыс прынцыпова застанецца тая ж лінія, якую праводзіла цяперашняя адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна. Але ці сапраўды перамога Дональда Трампа можа радыкальна памяняць сытуацыю, ці такія прагнозы перабольшаныя?

— Цалкам пагаджуся, што ў выпадку абраньня Камалы Гарыс будзе працяг цяперашняй палітыкі, ня варта чакаць радыкальных зьменаў.

Прыход Дональда Трампа можа зьмяніць сытуацыю даволі непрадказальна. З аднаго боку, мы можам чакаць скарачэньня, напрыклад, амэрыканскай дапамогі і прад’яўленьня ўльтыматуму Ўкраіне, каб Кіеў сеў за стол перамоваў. Але, зь іншага боку, Трамп можа выставіць ультыматум і Маскве, эскаляваць сытуацыю, а не ўлагоджваць яе. Магчыма, Трамп яшчэ сам да канца ня вырашыў, як будзе дзейнічаць. Варта нагадаць, што менавіта Трамп пачаў пастаўляць зброю Ўкраіне — тое, на што не пагаджаўся прэзыдэнт ад дэмакратаў Барак Абама.

— Украінскі дэпутат Алег Дунда нядаўна заявіў, што трэба пераносіць вайну ў Беларусь. Гэта проста маргінальнае прыватнае меркаваньне ці такія ідэі могуць авалодаць сур’ёзнымі палітыкамі?

— Ва Ўкраіны няма рэсурсаў, каб пашыраць фронт. Да таго ж у гэтым кроку зусім не відавочныя нейкія палітычныя плюсы ці дывідэнды.

Мы дакладна ня можам сказаць, наколькі баяздольнае беларускае войска — тут ёсьць розныя ацэнкі. Уключэньне ў канфлікт Беларусі — гэта для Ўкраіны дадатковая тэхніка, людзі, страты, дадатковая лінія фронту на тысячу кілямэтраў. Гэта, як падаецца, ніяк не ў інтарэсах Украіны. Таму такі сцэнар магчымы толькі ў адной сытуацыі — калі празь Беларусь пачнецца агрэсія супраць Украіны. У цэлым я б сур’ёзна такія заявы не ўспрымаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG