Гепракуратура Беларусі рыхтуе судовыя працэсы ў дачыненьні да яшчэ пяцёх памерлых людзей, якіх абвінавачваюць у «генацыдзе беларускага народу ў часы Вялікай Айчыннай вайны», заявіў 26 сакавіка генпракурор Андрэй Швед.
Ён адзначыў, што нядаўняе асуджэньне Ўладзімера Катрука, які памёр у 2015 годзе, зьяўляецца «прэцэдэнтам, якога няма ў ніводнай краіне сьвету».
«Сёньня мы рыхтуем матэрыялы ў дачыненьні да яшчэ сама меней пяці карнікаў, у тым ліку нашых калябарантаў, у тым ліку Серафімовіч быў такі садыст, які з 1941-га па 1944 год зьнішчаў мірнае насельніцтва, сваіх жа суграмадзян, і іншых карнікаў. І прысуды гэтых судоў будуць аабнародаваныя», — заявіў Швед.
Што да згаданага генпракурорам прозьвішча «Серафімовіч», то, верагодна, гаворка пра камэнданта паліцыі мястэчка Мір Сямёна Серафімовіча, які ў часе вайны ўдзельнічаў у карных рэйдах нацыстаў. Нядаўна яго згадваў праўладны гісторык Ігар Марзалюк.
- У ліпені 2023 году Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу», які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць памырлых і выносіць ім выракі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу (сярод іх — генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, ужываньне зброі масавага паражэньня, іншыя ваенныя злачынствы).
- Генэральная пракуратура Беларусі пачала расьсьледаваньне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны ў 2021 годзе, потым зьявілася асобная справа Ўладзіміра Катрука.
- 18 сакавіка 2024 году Вярхоўны суд Беларусі вынес вырак у першай справе на памерлага чалавека: ён прызнаў Уладзіміра Катрука вінаватым у генацыдзе (паводле арт. 127 КК). У сувязі са сьмерцю абвінавачанага вырак вынесьлі без абвяшчэньня пакараньня. Раней справу Катрука, яшчэ пры яго жыцьці, разглядалі ў Канадзе, але ў выніку заявілі пра недахоп доказаў.
- Уладзіміра Катрука вінавацілі ў тым, што ён, дзейнічаючы па ўказаньні нямецкіх афіцэраў, і іншыя байцы дапаможных сілаў нямецкай паліцыі 118-га батальёну шуцманшафту выгналі жыхароў Хатыні зь іхных хатаў, прыгналі да хлява на ўскраіне вёскі і запхалі ў яго, а потым падпалілі саламяны дах. Людзей, якія спрабавалі выратавацца ад агню, эсэсаўцы расстрэльвалі. У выніку былі забітыя 149 цывільных асобаў, у тым ліку 75 непаўналетніх. У 1944 годзе Катрук дэзэртаваў зь нямецкага войска і перайшоў на бок францускага руху Супраціву, уступіў у францускі Замежны легіён і трапіў на фронт барацьбы зь нямецкім войскам. Пасьля вайны застаўся жыць у Парыжы. У 1951 годзе эміграваў у Канаду.