Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане лідэра апазыцыйнага руху «Група 24» і ягонага паплечніка асудзілі на 30 і 20 гадоў зьняволеньня


Сухроба Зафара асудзілі на 30 гадоў пазбаўленьня волі, яго паплечніка Насімджона Шарыфава — на 20 гадоў
Сухроба Зафара асудзілі на 30 гадоў пазбаўленьня волі, яго паплечніка Насімджона Шарыфава — на 20 гадоў

Суд у Душанбэ асудзіў лідэра апазыцыйнага руху «Група 24» Сухроба Зафара на 30 гадоў пазбаўленьня волі, а ягонага паплечніка Насімджона Шарыфава — на 20 гадоў, паведамляе таджыцкая служба Радыё Свабода з спасылкай на дзьве крыніцы.

У чым абвінавацілі Зафара і Шарыфава — невядома. Афіцыйныя органы пакуль не пацьвярджаюць і не абвяргаюць інфармацыю пра суд над імі.

Прадстаўнікі «Групы 24» раней заявілі, што ім ставяць у віну «заклікі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу з выкарыстаньнем інтэрнэту». Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — 8 гадоў пазбаўленьня волі (калі быў небясьпечны рэцыдыў — 15 гадоў), таму ім маглі прад'явіць абвінавачаньне паводле іншага артыкула або некалькі артыкулаў адначасова.

«Абодва асуджаныя ў сваім апошнім слове ў судзе заявілі, што не шкадуюць пра абраны шлях. У прыватнасьці, Сухроб Зафар падкрэсьліў, што ніколі ні ў кога ня браў хабару, чужога не прысвойваў, нікога не забіваў і не рабіў нічога такога, каб пра штосьці шкадаваць. Ён жа сказаў, што ня здраджваў свайму народу, а „Група 24“ не зьяўляецца тэрарыстычнай або экстрэмісцкай арганізацыяй», — расказаў суразмоўца выданьня.

Сухроб Зафар жыў у Турэччыне з 2014 году. Ён ня раз атрымліваў пагрозы, а супрацоўнікі турэцкай паліцыі, як мяркуецца, на запыт таджыцкіх уладаў некалькі разоў затрымлівалі яго, але потым адпускалі. Насімджон Шарыфаў знаходзіўся ў Турэччыне з 2015 году, там яго затрымлівалі сама меней тройчы.

У лютым 2024 году стала вядома пра зьнікненьне Шарыфава, а ў сакавіку — Зафара. Толькі праз паўгода, у жніўні, генпракурор Таджыкістану Юсуф Рахмон паведаміў, што іх даставілі ў Душанбэ і яны пад сьледзтвам. «Група 24» у распаўсюджанай 20 верасьня заяве назвала суд над Зафарам і Шарыфавым яшчэ адным прыкладам парушэньня правоў чалавека ў Таджыкістане.

  • «Група 24» — грамадзка-палітычны рух, створаны ў 2012 годзе ў Маскве таджыцкім прадпрымальнікам і апазыцыянэрам Умаралі Куватавым, які быў забіты ў студзені 2015 году ў Стамбуле. Асноўнымі сваімі задачамі рух называе зьмяненьне складу ўраду Таджыкістану, вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных у краіне, захаваньне правоў і свабодаў чалавека, адмену закону аб «Лідэру Нацыі». У 2014 годзе Вярхоўны суд Таджыкістану прызнаў рух экстрэмісцкім і забараніў яго дзейнасьць на тэрыторыі краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG