У лютым КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне ў Лельчыцкім раёне «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведнай групы». «Дывэрсантамі» назвалі двух украінцаў і аднаго беларуса. Украінцаў пачалі судзіць па «тэрарыстычных» артыкулах у канцы верасьня, суд над беларусам пачнецца 29 кастрычніка. «Люстэрка» даведалася, што яго абвінавачваюць у кантрабандзе.
У лютым сілавікі затрымалі беларуса Віталя Ўласюка і грамадзян Украіны, бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў. Тады на іх завялі крымінальныя справы па арт. 13 і арт. 289 (Падрыхтоўка да акту тэрарызму) і арт. 358-1 (Агентурная дзейнасьць) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня» падкрэсьлівала, што крымінальная справа тычыцца і «памагатага» ўкраінцаў беларуса Віталя Ўласюка.
З 26 верасьня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме пачаў разглядаць справу «дывэрсантаў». Праўда, на лаве падсудных апынуліся толькі Сяргей і Павал Кабарчукі. Іх абвінавачваюць паводле 4 крымінальных артыкулаў:
- ч. 3 арт. 289 (Акт тэрарызму),
- ч. 4 арт. 295 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў),
- ст. 358-1 (Агентурная дзейнасьць),
- ч. 3 арт. 333-1 (Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).
Паводле прад’яўленых абвінавачаньняў украінцам пагражае пакараньне ажно да сьмяротнай кары.
Тым часам, як заўважыла «Люстэрка», 29 кастрычніка судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Дзьмітры Куроўскі пачне разглядаць крымінальную справу па ч. 3 арт. 228 (Кантрабанда). Сярод абвінавачаных значыцца Віталь Дзьмітрыевіч Уласюк.
Паводле базы зьвестак BelPol, у Беларусі ёсьць толькі адзін Віталь Дзьмітрыевіч Уласюк, і ягоны год нараджэньня і месца жыхарства (1970, Берасьце) супадаюць з інфармацыяй, агучанай КДБ адразу пасьля затрыманьня ў лютым «дывэрсійнай групы».
Разам з Уласюком па справе праходзяць Дар’я Сьвятлічная і Руслан Коціеў. Раней іх у СМІ ня згадвалі. Паводле зьвестак BelPol, Уласюк і Сьвятлічная раней працавалі ў адной кампаніі — ТАА «Стыль Фэшн Люкс». Яна вырабляе жаночае адзеньне ў Берасьці. Руслан Коціеў, хутчэй за ўсё, не грамадзянін Беларусі: паводле BelPol, у Беларусі няма чалавека з такімі ж дадзенымі, як у яго.
За кантрабанду ўсім траім пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Раней «Люстэрка» расказвала пра Віталя Ўласюка на падставе зьвестак BelPol і ягоных сацсетак. Нарадзіўся ён у 1970 годзе ў Туркмэністане. Жыве і прапісаны ў Берасьці, былы вайсковец, службу праходзіў у вайсковай частцы 65-263 у Баранавічах і ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. З 2007 году працаваў у берасьцейскай аўташколе «Вялікая мядзьведзіца», пазьней у кампаніі «Рэджына Рэд» — вытворцы верхняга адзеньня зь Берасьця. У «Одноклассниках» Уласюк лайкаў пасты з падтрымкай Расеі ў вайне ва Ўкраіне, у 2015-м удзельнічаў у маршы «Несьмяротнага палку» ў Берасьцейскай крэпасьці.
- 16 лютага КДБ Беларусі заявіў пра затрыманьне ў ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых». У ведамстве сьцьвярджаюць, што ў затрыманых нібыта знайшлі выбуховыя прыстасаваньні і іншыя сродкі паражэньня. Праз гэта ў Лельчыцкім раёне ўводзілі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, заявілі ў КДБ, хоць раней у Лельчыцкім райвыканкаме заявілі, што гэта «чарговыя вучэньні» сілавікоў.
- Дзякуючы тэлеграм-боту, які зьбірае публічную інфармацыю пра судовыя паседжаньні, стала вядома пра крымінальны перасьлед ва Ўкраіне затрыманых у Беларусі Кабарчукоў. Згодна з атрыманымі зьвесткамі, Сяргей і Павал Кабарчукі знаходзіліся пад сьледзтвам, іх абвінавачвалі ў кантрабандзе наркатычных рэчываў і судзілі ва Ўкраіне з чэрвеня 2023 году. Наступнае паседжаньне, сама меней шостае, было прызначанае на 21 лютага 2024 году. Увесь гэты час яны былі на волі, бо ўнесьлі грашовы заклад. На відэа, якое зьявілася на беларускіх дзяржаўных каналах 16 лютага, затрыманы Сяргей Кабарчук казаў, што яму нібыта абяцалі скасаваць крымінальную справу супраць яго за перавозку грузу празь мяжу.
Форум