Палітзьняволеную Насту Лойку як сьведка дала паказаньні на судовым працэсе ў Менску і праз этапаваньне вярнулася ў калёнію ў Гомель.
Пра вяртаньне Насты Лойкі сваякоў паінфармавалі лістом з жаночай калёніі № 4, дзе яна адбывае пакараньне. Пра гэта Свабодзе паведаміла крыніца, абазнаная ў справах палітзьняволенай. Як адбіўся шматдзённы этап на стане Насты Лойкі, якая раней скрадзілася на праблемы са здароўем, невядома.
«Выглядала ў судзе, як звычайна. Спатканьняў ёй не даюць, таму хоць гэтак пабачылася са сваякамі. З выгляду зь ёй ўсё нармальна», — сказала крыніца пра Насту Лойку.
У канцы верасьня стала вядома, што Насту Лойку этапуюць у Менск для допыту на судзе у якасьці сьведкі. Над кім менавіта быў працэс, на якім мусіла сьведчыць Наста Лойка, праваабаронцам невядома.
Паводле абазнанай крыніцы, допыт Насты Лойкі ў судзе доўжыўся некалькі хвілін, між тым як этапаваньне з гомельскай калёніі ў Менск і назад заняло больш за тыдзень.
У 2023 годзе прадстаўніцу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human constanta Насту Лойка асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці»).
Сваёй віны Наста Лойка не прызнала. Судзілі праваабаронцу на закрытым паседжаньні. Улады занесьлі яе ў сьпісы тэрарыстаў і экстрэмістаў, а беларускія праваабаронцы прызналі палітзьняволенай.
Форум