Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт апублікаваў пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў у абслугоўваньні жыхароў сталіцы Беларусі.
Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні, 85 % жыхароў Менску маюць доступ да цэнтралізаваных сыстэм водазабесьпячэньня.
З рашэньня вынікае, што гарадзкія ўлады абяцаюць падключыць усіх жыхароў сталіцы да цэнтралізаваных сыстэм водазабесьпячэньня пасьля 2026 году.
Сярод іншых стандартаў — асьвятленьне і ўдасканаленае пакрыцьцё ня менш як 90% вуліц і дарог.
Згодна з рашэньнем, колькасьць унітазаў у грамадзкіх туалетах будзе вызначацца ў залежнасьці ад колькасьці жыхароў: ня менш за адзін унітаз на 1 тысячу чалавек.
У пераліку ёсьць таксама стандарты аб забесьпячэньні доступу да адукацыі. Сярод іншага, улады гарантуюць, што ў школах будзе адзін кампутар, у тым ліку партатыўны, на 10 вучняў (раней было на 30 вучняў. — РС), або ня менш за дзьве кампутарныя клясы на адну школу.
Улады зьмянілі стандарты ў галіне аховы здароўя. У прыватнасьці, зьнізілі норму забясьпечанасьці месцамі ў лякарнях — цяпер вызначана 6,5 ложка на 1 тысячу чалавек супраць 8 ложкаў раней. У той жа час часткова палегчылі нагрузку на брыгады хуткай дапамогі. Раней нарматыў складаў 12,5 тысячы грамадзян на адну брыгаду, а цяпер — 12 тысяч чалавек.
Гарадзкія ўлады зьменшылі выдаткі бюджэту Менску на фізычную культуру і спорт да ня менш як 0,7 базавай велічыні на аднаго чалавека (раней было ня менш за 0,5 базавай велічыні). У той жа час павялічылі нарматыў выдаткаў на культуру да 1,5 базавай велічыні на аднаго чалавека (раней было 1,3 базавай велічыні).
Цяпер базавая велічыня складае 40 рублёў.
Форум