Прыпыненьне права на прытулак на мяжы зь Беларусьсю не палепшыць бясьпекі Польшчы і нашкодзіць беларускім дысыдэнтам, якія шукаюць прытулку, заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда 16 кастрычніка, крытыкуючы плян, прыняты ўрадам. Дуду цытуе Reuters.
«Заявы прэм’ер-міністра ў апошнія дні не спрыяюць абароне нашай мяжы і абмежаваньню міграцыі, — сказаў Анджэй Дуда ў выступе перад парлямэнтам. — Яны перашкодзяць прадстаўнікам беларускай апазыцыі шукаць прытулку ў Польшчы».
Тым часам прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск патлумачыў сваё разуменьне зьменаў міграцыйнай палітыкі. Ён заявіў, што будучыня лібэральнай дэмакратыі залежыць ад міграцыйнай палітыкі і абараняе плян новай міграцыйнай стратэгіі.
«Будучыня лібэральнай дэмакратыі ў Эўрапейскім Зьвязе залежыць ад яго адказу на міграцыю», — заявіў Дональд Туск у камэнтарах, апублікаваных у сераду, напярэдадні саміту ў Брусэлі, дзе Варшава далучыцца да заклікаў.
15 кастрычніка ўвечары польскі ўрад зацьвердзіў новую міграцыйную стратэгію, якая дазваляе краіне часова прыпыніць прыём заяваў на прытулак. Гэтая мера, якая выклікала абурэньне праваабаронцаў, карыстаецца папулярнасьцю сярод выбарнікаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году, адзначае Reuters.
«Будучыня Эўропы і Польшчы будзе вырашацца ў гэтай сфэры, — сказаў Туск у інтэрвію Gazeta Wyborcza, гаворачы пра бясьпеку межаў. — Адзінае пытаньне, хто забясьпечыць гэта: правыя папулісты ці лібэральная дэмакратыя».
З 2021 году Польшча сутыкаецца зь міграцыйным крызісам на сваёй мяжы зь Беларусьсю. Варшава і ЭЗ сьцьвярджаюць, што Беларусь і яе саюзьніца Расея справакавалі гэтую сытуацыю, накіроўваючы людзей з Блізкага Ўсходу і Афрыкі да мяжы. Менск і Масква адмаўляюць гэта.
У многіх эўрапейскіх краінах цэнтрысты, як Туск, прынялі больш жорсткую палітыку ў дачыненьні да міграцыі, каб супрацьстаяць нацыяналістам і правым радыкалам.
У адказ на заклапочанасьць краін-сяброў Эўразьвяз прапанаваў узмацніць сваю міграцыйную палітыку. Урзуля фон дэр Ляен, кіраўніца Эўракамісіі, выканаўчага органа ЭЗ, напісала лідэрам краін Эўрапейскага Зьвязу, якія зьбяруцца абмяркоўваць міграцыю 17–18 кастрычніка, што Камісія мае намер разгледзець 10 пытаньняў, каб дапамагчы 27 краінам ЭЗ справіцца з выклікамі міграцыі.
Тым ня менш заява Туска аб тым, што Польшча плянуе часова прыпыніць права на прытулак, стала для многіх палітыкаў і грамадзкасьці шокам, піша Reuters. Крытыкі — ад НДА, якія дапамагаюць мігрантам, да апазыцыйных нацыяналістаў, якія самі выступаюць за строгія правілы, — заявілі, што гэты крок парушае Канстытуцыю Польшчы і міжнароднае права. Польскія бізнэс-лідары і эканамісты таксама заявілі, што міграцыя дапамагае эканоміцы.
Аднак Туск сказаў Gazecie Wyborczej, што мера неабходная і падкрэсьліў, што гэта будзе часовая рэакцыя на спробы Расеі і Беларусі дэстабілізаваць Польшчу.
«На практыцы... захаваньне ўсіх нормаў у сытуацыі, калі мы ведаем, што формулай палітычнага прытулку злоўжываюць і выкарыстоўваюць нашы ворагі, пакідае дзяржаву цалкам бездапаможнай», — сказаў ён.
Міграцыйная стратэгія, таксама накіраваная на ўвядзеньне больш мэтанакіраванага падыходу да даваньня візаў працоўным і студэнтам, а таксама на заахвочваньне вяртаньня палякаў, якія жывуць за мяжой, была прынятая, нягледзячы на пярэчаньні чатырох міністраў левага крыла.
Форум