Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча плянуе часова прыпыніць права на прытулак. Латушка: мы разьлічваем на салідарнасьць зь беларусамі


Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск 15 кастрычніка на пасяджэньні ўрада прадставіць міграцыйную стратэгію Польшчы, адным з элемэнтаў якой стане часовае, тэрытарыяльнае прыпыненьне права на прытулак.

Стратэгія будзе называцца «Аднавіць кантроль, забясьпечыць бясьпеку».

«Я буду настойваць на прызнаньні гэтага рашэньня ў Эўропе», —заявіў Туск на падчас зьезду “Грамадзянскай кааліцыі” ў Варшаве.

Ён заявіў, што дзяржава павінна аднавіць 100-адсоткавы кантроль над тым, хто прыязджае ў Польшчу, і дадаў, што ва ўрада таксама ў плянах ёсьць палітыка паскоранага вяртаньня палякаў і людзей польскага паходжаньня з-за мяжы.

«Дзяржава павінная забясьпечваць, каб у Польшчу прыяжджалі людзі, якія хочуць сумленна працаваць у Польшчы, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадзтва, вучыцца ў сапраўдных навучальных установах. І гэта тыя людзі, якія заслугоўваюць павагі», — падкрэсьліў кіраўнік польскага ўрада.

Ён таксама запэўніў, што ўрад зьвядзе да мінімуму незаконную міграцыю.

«Калі, напрыклад, я сёньня гучна заяўлю, што адным з элемэнтаў міграцыйнай стратэгіі будзе часавае прыпыненьне права на прытулак, заснаванае на тэрытарыяльным прынцыпе, і я буду настойваць на прызнаньні гэтага рашэння ў Эўропе, то гэта будзе таму, што мы добра ведаем, як гэта выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі, гандлярамі людзьмі. Тое, як гэтае права на прытулак выкарыстоўваецца, наўпрост супярэчыць сутнасьці права на прытулак», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, калі нехта хоча прыехаць жыць у Польшчу, ён павінен хацець паважаць польскія стандарты, польскую мараль і хацець інтэгравацца.

«Няма больш гуманнай палітыкі, якая разумеецца як прадухіленьне няшчасьцяў або сьмерцяў на мяжы Польшчы з Беларусьсю, чым эфэктыўная абарона гэтай мяжы», — цытуе Туска партал reform.news.

Прэм’ер Польшчы запэўніў, што зьбіраецца быць жорсткім і бязьлітасным у правядзеньні міграцыйнай палітыкі.

З нагоды плянаванага прыняцьця міграцыйнай стратэгіі выказаўся намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка:

Павал Латушка. Архіўнае фота.
Павал Латушка. Архіўнае фота.

«Я вельмі ўдзячны Польшчы і палякам, што Польшча стала краінай, дзе многія беларусы знайшлі абарону і салідарнасьць. Шчыра спадзяюся, што Польшча застанецца краінай, дзе беларусы, высланныя рэжымам Лукашэнкі з-за створанай у Беларусі атмасфэры страху і тэрору і найбуйнейшых рэпрэсій у гісторыі сучаснай Эўропы, змогуць разьлічваць на статус уцекачоў, на месца, дзе яны могуць выратаваць сваё жыцьцё і здароўе. Права на прытулак таксама важна для тых беларусаў, якія ўцяклі ад тэрору і ўжо знаходзяцца ў Польшчы, просяць прытулку. Важна аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу. Мы разьлічваем на салідарнасьць зь беларусамі».

  • Пасьля падзеяў 2020 года ў Беларусі Польшча стала адной з ключавых краінаў, у якія шмат беларусаў уцякло ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
  • Няўрадавы Цэнтр беларускай салідарнасьці са спасылкай на дадзеныя Упраўленьня па справах замежнікаў паведамляў, што на 31 сьнежня 2023 года ў Польшчы пражывалі 118.562 грамадзяніны Беларусі з дакумэнтамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх часовы від на жыхарства мелі 69.399 чалавек, сталы ВНЖ — 39.553, дадатковую абарону — 6.555, дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ — 1.160, статус уцекача — 578, часовую абарону — 436, іншыя падставы — 436.
  • За люты — сакавік гэтага года ва ўпраўленьне зьвярнуліся па міжнародную абарону каля 3 тыс. замежных грамадзян, у тым ліку 1 тыс. беларусаў.
  • З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG