Даўгі прадпрыемстваў Беларусі за год вырасьлі на 13%, вынікае са зьвестак Белстату.
Крэдыторская запазычанасьць (даўгі прадпрыемстваў) на 1 верасьня дасягнула 87,7 млрд беларускіх рублёў і за год вырасла на 13% (было 77,6 млрд руб.). Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць дасягнула 9,8 млрд рублёў, за год яна скарацілася на 3%.
Дэбіторская запазычанасьць (даўгі прадпрыемствам) на 1 верасьня склала 73,8 млрд рублёў, за год яна вырасла на 11,1%, пратэрмінаваная запазычанасьць — 9,7 млрд (за год зьнізілася на 4%).
У студзені — жніўні 2024 году рэнтабэльнасьць рэалізаванай беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі склала 8,1% — на 1,2 працэнтнага пункта менш, чым за восем месяцаў 2023 году.
Рэнтабэльнасьць продажаў за 8 месяцаў 2024 году — 6,7% (на 0,7 працэнтнага пункта менш, чым за восем месяцаў 2023 году).
- У сакавіку 2023 году на пасяджэньні Савета міністраў Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць зьніжаць долю стратных прадпрыемстваў у дзяржсэктары: «Рэнтабэльнасьць і рост прыбытку мусяць стаць галоўнымі крытэрамі для ацэнкі эфэктыўнасьці працы кіраўніка любога ўзроўню», — заявіў Лукашэнка, яго цытуе «Позірк».
- У кастрычніку 2023 году на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Лукашэнка адзначыў, што для беларускай эканомікі «пытаньнем пытаньняў» зьяўляецца дэбіторская запазычанасьць, а ў красавіку 2024 году канстатаваў, што яго патрабаваньні па скарачэньні зьнешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасьці ня выканалі — за 2023 год яна вырасла больш як на 10%.
- 22 ліпеня Лукашэнка папярэдзіў дырэктараў прадпрыемстваў пра наступствы іх няздольнасьці вярнуць даўгі за сваю прадукцыю. «Гэтая турма. Таму што пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад „абаротку“ і рэструктурызацыю даўгоў. Гэта значыць зноў спадзеяцеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасьць», — сказаў ён.
Форум