З 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну супраць Паліны Шарэнды-Панасюк ідзе трэці раз суд па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Палітзьняволенай пагражае яшчэ 1 год увязьненьня на дадатак да тых амаль ужо чатырох гадоў, што яна адбыла. Паводле Андрэя Шарэнды, ягоная жонка ня мае ілюзіяў што да выніку працэсу. Два ранейшыя суды з гэтым жа артыкулам дадалі ёй па 1 годзе зьняволеньня.
Муж палітзьняволенай па-ранейшаму няшмат ведае пра яе здароўе, за якое ёсьць падставы хвалявацца.
23 траўня 2024 году Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатковых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі».
Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411 артыкула КК («Непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»).
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
На волі Паліну Шарэнду-Панасюк чакаюць муж Андрэй і двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.