14 кастрычніка органы ўлады, школы, бізнэс-цэнтры, гатэлі, рэдакцыі СМІ, амбасады і іншыя аб’екты і ведамствы па ўсёй Ўкраіне атрымалі лісты з апавяшчэньнем пра «пагрозу тэракту» і «замінаваньне». У выніку шэраг установаў эвакуавалі. Нацыянальная паліцыя Ўкраіны праводзіць праверку на аб’ектах, якія атрымалі апавяшчэньні, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
Лісты падпісаў чалавек, якая называе сябе прадстаўніком «тэрарыстычнай групы», паводле назвы аднайменнага тэлеграм-канала антыўкраінскага кірунку, у якім распаўсюджваюць заклікі паліць аўтамабілі ўкраінскіх вайскоўцаў і перасьледаваць вайскоўцаў Тэрытарыяльных цэнтраў камплектаваньня. Рэдакцыя не называе ягонага імя і назву групы з этычных меркаваньняў бясьпекі.
У лісьце з пагрозамі, які разаслалі сотням арганізацый, згадваюцца журналісткі ўкраінскай службы Радыё Свабода Ірына Сісак і Валерыя Ягошына, а таксама фрылансэрка Юлія Хімерык, на якіх адпраўнікі «ўскладаюць віну» ў падрывах, якія нібыта рыхтуюцца. Нядаўна выйшла расьсьледаваньне аўтарства гэтых журналістак пра тое, як расейскія спэцслужбы прыцягваюць украінцаў (у тым ліку непаўналетніх) за грошы для падпалаў аўтамабіляў украінскіх вайскоўцаў.
Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус, камэнтуючы згадкі журналістак у лістах, заявіў:
«Нам вядома, што тры нашыя журналісткі згадваюцца ў масава разасланых электронных лістах з пагрозамі аб замінаваньні. Гэтыя журналісткі нядаўна апублікавалі расьсьледаваньне пра тое, як расейскія спэцслужбы прыцягваюць падлеткаў для здзяйсьненьня падпалаў аўтамабіляў украінскіх вайскоўцаў. Мы ня можам растлумачыць матывацыю гэтых абуральных пагрозаў. Мы не паддаемся запалохваньню і падтрымліваем нашых журналістаў, якія будуць працягваць інфармаваць украінскую аўдыторыю бясстрашна і бесстароньне. Мы таксама гатовыя ўсяляк супрацоўнічаць з органамі ўлады ў іх расьсьледаваньнях».
Як высьветлілі «Схемы» (праект украінскай службы Радыё Свабода), чалавек з такімі ўстаноўчымі зьвесткамі, як у адпраўніка ліста з пагрозамі, пражывае ў акупаваным Расеяй Крыме і мае пашпарт РФ.
Як выявілі журналісты «Схемаў», у сацсетках групы, якая ўзяла на сябе адказнасьць за «масавыя мінаваньні», актыўна распаўсюджваюць паведамленьні з заклікамі паліць аўтамабілі ўкраінскіх вайскоўцаў і дэманструюць вынікі падпалаў. За гэтую працу прапануюць ад 100 даляраў ЗША.
Таксама ў тэлеграм- канале групы распаўсюджваюць відэа, на якіх супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў камплектаваньня затрымліваюць грамадзян Украіны для далейшай мабілізацыі, і заклікаюць перасьледаваць гэтых вайскоўцаў, за што абяцаюць заплаціць ад 1000 даляраў ЗША.
У тэлеграм-канале гэтай групы, створанай у канцы жніўня 2024 году, у прыватнасьці, актыўна рэклямуюць і іншыя групы, якія выступаюць супраць «раздачы» позваў ва Ўкраіне.
Таксама, як выявілі журналісты, у пачатку кастрычніка прадстаўнікі гэтай жа групы разаслалі паведамленьні ў шэраг дзяржаўных органаў Украіны з прапановай «забойства за ўзнагароджаньне» топ-чыноўнікаў органаў бясьпекі і публічных асобаў. Яны прадставіліся арганізацыяй, якая «даўно займаецца выкананьнем замоваў на сілавыя акцыі і вырашэньнем пытаньняў па фізычнай ліквідацыі», а «прыярытэтным» кірункам дзейнасьці назвалі «правядзеньне акцыяў масавага беспарадку, мінаваньне дзяржаўных структур, падрыўная дзейнасьць любога ўзроўню». На вэбсайце групы гаворыцца, што яна аказвае такія «паслугі», як «рэкет, заказныя забойствы, крадзеж аўтамабіляў, нанясеньне цялесных пашкоджаньняў, падпалы».
У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што «праводзяць праверку на аб’ектах, па якіх паступілі ананімныя паведамленьні аб замінаваньні».
«Нацыянальная паліцыя ўжо ня першы год сутыкаецца з такога кшталту паведамленьнямі, напрацаваны адпаведны альгарытм рэагаваньня і такія падзеі. Ня выключана, што такім чынам вораг спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю ў рэгіёнах нашай дзяржавы, так што прымяняе для гэтага інфармацыйна-псыхалягічныя спэцапэрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце.
Паводле зьвестак праваахоўнікаў, паведамленьні аб магчымым замінаваньні атрымалі ўжо больш за паўтары тысячы розных аб’ектаў па ўсёй Украіне.
14 кастрычніка прадстаўнікі Нацыянальнай паліцыі праверылі офіс Радыё Свабода ў Кіеве і не знайшлі там выбуховых прыладаў.
У прэс-службе СБУ паведамілі «Схемам», што «выпадак з масавай рассыланьнем паведамленьняў аб фэйкавых мінаваньнях варта разглядаць праз прызму ІПСА (псыхалягічная апэрацыя), накіраванай на распаўсюд панічных настрояў у грамадзян».
8 кастрычніка ўкраінская рэдакцыя Радыё Свабода апублікавала расьсьледаваньне пра тое, як расейскія спэцслужбы масава выкарыстоўваюць непаўналетніх украінцаў для падпалаў аўтамабіляў вайскоўцаў УСУ і будынкаў ТЦК у рамках дэзынфармацыйнай кампаніі Расеі. Іх мэта, як высьветлілі журналісты, — паказаць, што ва Ўкраіне нібыта існуе актыўнае падпольле, якое такім чынам выступае супраць усеагульнай мабілізацыі.
Журналісты ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода выявілі, што ўкраінскіх дзяцей вэрбавалі з дапамогай сеткі ўзаемазьвязаных ботаў і каналаў у Telegram, дзе прапаноўвалі «хуткія грошы» за ахвяраў. У расьследаваньні яны прааналізавалі зьвесткі па дзясятках падпалаў вайсковых аўтамабіляў падлеткамі па ўсёй Украіне і непасрэдна пагутарылі зь непаўналетнімі падпальшчыкамі, затрыманымі работнікамі СБУ і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Таксама журналісты правялі ўласны экспэрымэнт — пагутарылі з куратарамі, каб высьветліць, як арганізаваная схема вэрбаваньня, у якім выглядзе даюць заданьне і чаму малалетнія выканаўцы — у прыярытэце ў замоўнікаў.
Форум