Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году сума наяўных грошай у абарачэньні вырасла на 19,4%


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі сума наяўных грошай у абарачэньні з пачатку году вырасла на 19,4%, піша «Позірк» са спасылкай на зьвесткі Нацбанку. У ведамстве тлумачаць гэта «трэндам дэвалютызацыі».

На 1 кастрычніка 2024 году сума гатоўкі ў абарачэньні склала 11 млрд 313,7 млн рублёў. За месяц яна павялічылася на 1,6% (на 177,6 млн рублёў), а з 1 студзеня 2024 году — на 19,4% (з 9 млрд 474,6 млн рублёў), сьведчаць зьвесткі Нацбанку.

Рублёвая грашовая маса з пачатку 2024 году павялічылася на 18,3%, шырокая грашовая маса — на 8,2%.

Паскораны рост гатоўкі ў абарачэньні ў Нацбанку тлумачаць «доўгатэрміновым фундамэнтальным трэндам дэвалютызацыі», які стаў у Беларусі «вызначальным пасьля зьмены рэжыму манэтарнай палітыкі ў 2015 годзе і стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі», гаворыцца ў сьвежым нумары «Банкаўскага весніка», аўтарамі якога зьяўляюцца супрацоўнікі ўпраўленьня дасьледаваньняў і стратэгічнага разьвіцьця Нацбанку. На іх думку, дэвалютызацыя адыгрывае «ключавую ролю» ў павелічэньні долі наяўных грошай у шырокай грашовай масе і «будзе вызначаць гэтую тэндэнцыю ў будучыні».

Захаваньне ў Беларусі гатоўкі і бягучых рахункаў у якасьці асноўнага драйвэра росту грашовай масы «нясе інфляцыйна-дэвальвацыйныя рызыкі пры ўзьнікненьні вонкавых шокаў», гаварылася ў сакавіцкім макраэканамічным аглядзе Эўразійскага банку разьвіцьця.

У студзені эканамісты праекту «Кошт ураду» адзначалі, што павелічэньне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагрозаў і рызыкаў — ад «росту аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схемаў бізнэсу» да «павышэньня рызыкі раскручваньня інфляцыі і дэвальвацыі».

7 жніўня прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што беларускай эканоміцы не пагражае перагрэў, якім палохаюць «так званыя экспэрты», «разьлічваючы на людзей, якія ня вельмі разьбіраюцца ў эканамічных мадэлях». На думку Галоўчанкі, у эканоміцы Беларусі «магло б быць яшчэ больш грошай», але пакуль урад «ня бачыць патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сыстэмы».

Перагрэў эканомікі «ўсё ж ёсьць» і ягоны маштаб «досыць значны», заявіў у той жа дзень старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG