У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі аб новай хвалі затрыманьняў сярод кіраўніцтва Беларускай чыгункі (БЧ).
Згодна з папярэдняй інфармацыяй, 11 і 12 кастрычніка сілавікі затрымалі шэраг прадстаўнікоў з кіраўніцтва БЧ і Цэнтру кіраваньня перавозкамі.
Сярод затрыманых начальнік службы перавозак Віталь Панюшэнка, ягоны намесьнік Фёдар Шулянкоў і першы намесьнік начальніка цэнтру кіраваньня перавозкамі, начальнік апэратыўна-распарадчага аддзелу Аляксандар Іваноў.
Паведаляецца, што затрыманьні праводзіў ГУБАЗік па месцы знаходжаньня кожнага з супрацоўніка БЧ. У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» мяркуюць, што гэтыя затрыманьні адбыліся ў рамках «карупцыйнай справы» Пятра Дулуба, якога затрымалі 25 траўня, 3 чэрвеня выставілі абвінавачаньні ў карупцыі, а 14 чэрвеня звольнілі з пасады першага намесьніка начальніка дзяржаўнага аб’яднаньня «Беларуская чыгунка».
Папярэдне, затрыманым выставілі падазрэньне ў атрыманьні хабару.
Паведамляецца, што Фёдар Шулянкоў і Аляксандар Іваноў знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Месца знаходжаньня Віталя Панюшэнкі дакладна невядома.
Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт нічога не паведамляюць аб гэтых затрыманьнях.
14 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў аб затрыманьні «трох дзясяткаў чалавек» зь ліку чыноўнікаў праз падазрэньне ў карупцыі. У прыватнасьці, Лукашэнка паведаміў, што «у схованках у кватэры і ў загарадным доме» Пятра Дулуба знайшлі «грашовыя сродкі на суму больш за 3,2 мільёна даляраў». Дулуб нібыта «стварыў і быў куратарам карупцыйнай схемы ў лабіяваньні інтарэсаў камэрцыйных структур у сфэры грузаперавозак па Беларусі і за яе межамі».
Пасьля заявы Лукашэнкі адпаведную інфармацыю апублікавалі і сілавыя органы Беларусі.
Форум