Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Віталь Гуркоў зноў стаў чэмпіёнам сьвету ў кікбоксінгу і заявіў пра завяршэньне кар’еры


Віталь Гуркоў, архіўнае фота
Віталь Гуркоў, архіўнае фота

Пра гэта беларускі баец, які апошнім часам выступаў за Ўкраіну, паведаміў у сваім інстаграме.

Пасьля вымушанага ад’езду за мяжу Віталь Гуркоў зьмяніў спартовае грамадзянства і стаў выступаць за Ўкраіну, дзе жыве ўжо некалькі гадоў.

«У складзе нацыянальнай зборнай Украіны, пад кіраўніцтвам заслужанага трэнэра Ўкраіны Вадзіма Арцем’ева, завяршаю сваю спартовую кар’еру выдатным выступам на чэмпіянаце сьвету. Іду з рынгу чэмпіёнам сьвету ў тайскім боксе і чэмпіёнам сьвету ў К-1», — напісаў Гуркоў у інстаграме.

Таксама ён падзякаваў сваёй камандзе, спарынг-партнэрам і настаўнікам за дапамогу ў падрыхтоўцы.

Чэмпіянат сьвету адбыўся ў Франкфурце-на-Майне, што ў Нямеччыне.

39-гадовы атлет больш за 10 разоў браў золата першынстваў сьвету. Да 2020 году ўваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі. У час масавых народных пратэстаў супраць дыктатуры Лукашэнкі падпісаў, сярод іншага, зварот да беларускіх вайскоўцаў з просьбай не паддавацца на правакацыі і не ўступаць у вайну супраць Украіны, калі паступіць такі загад.

Разам зь ім той зварот падпісалі Андрэй Краўчанка, Сьцяпан Папоў, Канстанцін Якаўлеў, Яна Максімава, Сямён Букін, Алег Дулуб, Іван Ганін, Дзьмітры Шэршань, Карына Казлоўская, Аляксандар Вахавяк, Міхаіл Залеўскі і іншыя вядомыя беларускія атлеты і спартовыя дзеячы.

У жніўні 2024 году цяперашнія ўлады Беларусі прызналі аб’яднаньне «Пагоня» «экстрэмісцкім фармаваньнем» і заявілі, што да яго, акрамя іншых спартоўцаў, мае дачыненьне і Віталь Гуркоў. Гаворка ішла пра «групу грамадзян зь ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў», якія, паводле інфармацыі ўладаў, уваходзяць у грамадзкія арганізацыі «Пагоня» і «Беларускі полк „Пагоня“».

Пра рэгістрацыю Міністэрствам юстыцыі Ўкраіны грамадзкай арганізацыі «Пагоня» паведамлялася 21 лістапада 2022 году. Адзначалася, што мэта яе стварэньня — «падтрымка беларускага добраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, а таксама кансалідацыя беларускай дыяспары для вызваленьня Ўкраіны і Беларусі ад расейскіх акупантаў і злачыннай дыктатуры Лукашэнкі». Полк «Пагоня», аднак, яшчэ ў сярэдзіне 2023 году фактычна спыніў існаваньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG