Не прыводзячы канкрэтных дадзеных, ён паведаміў, што ў параўнаньні зь мінулым годам колькасць выпадкаў захворваньня ў 2024-м зьнізілася.
«Калі параўноўваць [сёлетнія] верасень і кастрычнік, то мы адзначаем, што ў верасьні адзначаўся некаторы рост захваральнасці на COVID-інфэкцыю, але вось у кастрычніку — на 17% ніжэй (без пазначэньня абсалютнага ліку. — „Позірк“). Таму мы спадзяемся, што сытуацыя ня будзе далей выходзіць з-пад кантролю», — сказаў Гяцюк.
Доктар паведаміў, што цяпер, прынамсі, у Менску цыркулюе штам амікрон і яго новыя падвіды — FLiRT і XEC.
«Мы пакуль ня схільныя прадбачыць нейкую экстраную сытуацыю, — заявіў ён. — Я ня думаю, што яны будуць значна ўплываць на эпідэміялягічнае становішча. Нашыя ўстановы гатовыя — гатовыя для дыягностыкі, гатовыя для аказаньня мэдыцынскай дапамогі, таму, я думаю, сытуацыя будзе кантраляванай».
Паводле слоў Гецюка, у Беларусі ковід ужо аднесены да сэзоннага захворваньня, зьяўленьне новых выпадкаў, «як правіла, супадае з пэрыядам уздыму вострых рэспіраторных інфэкцый».
Прадстаўнік сталічнага цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі рэкамэндаваў грамадзянам зрабіць прышчэпку ад ковіда. «Цяпер мы чакаем пастаўку вакцыны „Спутнік Лайт“, якая ўжо будзе з актуальнымі штамамі COVID-інфэкцыі, што цыркулюе зараз. Таму лепш, вядома, зрабіць прышчэпку, каб засьцерагчы сябе ад захворваньня і ад цяжкіх нейкіх ускладненьняў», — сказаў урач.
29 верасьня Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў краіне не выяўлены варыянт каранавіруса ХЕС.
- Пра сытуацыю з захваральнасьцю і сьмяротнасьцю ад COVID-19 Мінздароўя не інфармуе насельніцтва з пачатку ліпеня 2022 года.
- На той момант афіцыйна паведамлялася, што пандэмія забрала жыццё 7.118 беларусаў. У той жа час ініцыятыва беларускіх медыкаў «Белыя халаты» ў сваім дасьледаваньні, спасылаючыся на артыкул у адным з самых аўтарытэтных мэдыцынскіх часопісаў The Lancet, заявіла пра сьмяротнасьць на ўзроўні 81,6–93,4 тыс. чалавек.
- У тым жа дасьледаваньні гаварылася пра «блытаніну» ў рэалізацыі праекта вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19.
Форум