Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі трох мэдработнікаў асудзілі за зьнішчэньне вакцынаў супраць COVID-19


Ілюстрацыйнае фота. Расейская вакцына ад каранавірусу «Спутник Лайт»
Ілюстрацыйнае фота. Расейская вакцына ад каранавірусу «Спутник Лайт»

У Гомлі асудзілі загадчыцу аддзяленьня прафіляктыкі, старшую мэдсястру і мэдсястру кабінэту прышчэпак адной з гарадзкіх паліклінік, якія завышалі статыстыку вакцынацыі супраць грыпу і каранавірусу, а пасьля зьнішчалі нявыкарыстаныя вакцыны, паведамляе Генпракуратура Беларусі.

Паводле сьледзтва, загадчыца аддзяленьня і старшая мэдсястра, якія былі адказнымі за арганізацыю і правядзеньне вакцынацыі насельніцтва супраць COVID-19 і грыпу, з красавіка 2021 па травень 2023 году па дамоўленасьці давалі падначаленым указаньні завышаць зьвесткі пра колькасьць зробленых прышчэпак. Потым недакладную інфармацыю ўносілі ў журналы ўліку, а таксама акты аб колькасьці скарыстаных вакцын «Грыпол Плюс», «Гам-Ковід-Вак», «Vего Се11», «Спутник Лайт», «Саберана» і «Ковівак».

Пасьля гэтага яны з дапамогай мэдсястры кабінэту прышчэпак зьнішчалі нявыкарыстаныя вакцыны. Агулам за 2 гады яны зьнішчылі звыш 92 тысяч дозаў вакцын коштам каля 1,8 млн рублёў.

Падчас суду абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, шчыра раскаяліся, а таксама садзейнічалі сьледзтву. Абставінамі, якія зьмякчаюць іх адказнасьць, суд прызнаў дасягненьне пэнсійнага ўзросту адной з абвінавачаных і наяўнасьць на ўтрыманьні малалетняга дзіцяці ў другой, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Загадчыцу аддзяленьня прафіляктыкі і старшую мэдсястру прызналі вінаватымі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў (яны, паводле суду, праявіліся ў зьнішчэньні маёмасьці дзяржавы ў асабліва буйным памеры), а мэдсястру кабінэта прышчэпак — у саўдзельніцтве ў перавышэньні паўнамоцтваў.

У выніку суд Чыгуначнага раёну Гомля прысудзіў ім наступныя пакараньні:

  • загадчыцы аддзяленьня і старшай мэдсястры — па 5 гадоў «хатняй хіміі» (абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу),
  • мэдсястры прышчэпачнага кабінэта — 4 гады «хатняй хіміі».

Акрамя таго, суд цалкам задаволіў пазоў пракурора Гомля, заяўлены ў інтарэсах дзяржавы, і спагнаў у салідарным парадку з абвінавачаных матэрыяльную шкоду. Сума грошай, якую спагналі з мэдработнікаў, не называецца.

Прысуд ужо набыў законную моц.

  • Падчас пандэміі COVID-19 у Беларусі ўлады значна заніжалі афіцыйную статыстыку сьмяротнасьці ад каранавірусу, а потым і зусім перасталі яе публікаваць. Некаторыя мэдыкі расказвалі, што беларусы неахвотна вакцынаваліся расейскімі і кітайскімі вакцынамі ад каранавірусу, таму вядомыя выпадкі, калі мэдустановы завышалі колькасьць вакцынаваных, каб паказаць добрую статыстыку, а пасьля зьнішчалі вакцыны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG