Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патрабуе ад мясцовых уладаў плян разьвіцьця Гомельскай вобласьці, зноў выступае за мэліярацыю


Belarus - Lukashenko in the village of Karma in the Gomel region. Dazhynki-2024. Photo of Lukashenka's press service
Belarus - Lukashenko in the village of Karma in the Gomel region. Dazhynki-2024. Photo of Lukashenka's press service

Плянам разьвіцьця Гомельскай вобласьці пацікавіўся ў старшыні аблвыканкама Івана Крупко Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня гарадзкога пасёлка Карма, дзе 12 кастрычніка праходзіць фэстываль-кірмаш «Дажынкі-2024».

«Узімку вы мне адкажаце, што мы будзем рабіць з Гомельскай вобласьцю, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Думайце ў цэлым пра Гомельскую вобласьць, што будзем рабіць. Землі трэба адрадзіць, мэліярацыю трэба правесьці і культура земляробства павінна быць ідэальная».

Паводле дадзеных навукоўцаў, каля 10% глебаў на тарфяніках, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, у рознай ступені дэградаваныя. «Самая праблемная профільная дэградацыя тарфянікаў — гэта водная і ветравая эрозія глебаў, — заяўляў у сьнежні 2022 года галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Віталь Лапа. — Асноўная маса зямлі, схільнай да ветравой эрозіі, знаходзіцца на Палессі, дзе актыўна праводзілася мэліярацыя. Калі 10 гадоў таму ў нас было 212 тысяч гектараў дэградаваных тарфянікаў, то сёння — 312 тысяч гектараў».

Падчас наведваньня Кармы Лукашэнка таксама даручыў старшыні аблвыканкама «разьвіваць ня толькі сацыяльную базу, але і думаць пра новыя вытворчасьці», а для гэтага «трэба прыцягваць у рэгіёны людзей», «падумаць, як іх заматываваць».

Выступаючы перад гасьцямі фэстывалю, ён заявіў, што пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС улады «катэгарычна адпрэчылі» прапановы забыцца пра забруджаныя радыёнуклідамі тэрыторыі Гомельскай вобласьці і перастаць там жыць.

«Я разумеў: забясьпечыць годнае жыцьцё ў чарнобыльскіх раёнах у рэаліях развалу 1990-х гадоў — задача амаль невыканальная, — сказаў ён. — І ніякіх рэцэптаў [па паляпшэньні сытуацыі] не існавала. Але рашэньне было прынятае: мы нашых людзей на волю лёсу не кінулі. І тады мы зрабілі абсалютна слушны выбар. Гэта стала першым крокам. І, як бачна з пазыцыі сёньняшняга дня, крокам смелым. Крокам да адраджэньня тэрыторый».

  • 26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на ЧАЭС. Нягледзячы на тое, што станцыя месьціцца ва Украіне, больш за 70% радыенуклідаў, якія вызваліліся ў выніку разбурэньня рэактара чацьвёртага энэргаблока, асела ў Беларусі.
  • Паводле дадзеных Дэпартамэнта па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд), за мінулы пасля аварыі час плошча забруджвання цэзіем-137, на які прыпадае 90% дозавай нагрузкі на жыхароў Беларусі, зменшылася ў 1,8 раза і цяпер складае 25,5 тыс. квадратных кіламетраў (12% тэрыторыі краіны).
  • Узровень забруджваньня цэзіем-137 звыш 1 Кі/км2 па-ранейшаму фіксуецца на 1,5 млн га лясоў (больш за 15% фонду) і 819 тыс. га сельгасугоддзяў (каля 11%).
  • Адразу пасьля аварыі ў зоне радыеактыўнага забруджваньня апынулася 3.678 населеных пунктаў (479 спыніла існаваньне) з 2,2 млн жыхароў. Цяпер, паводле інфармацыі Дзяржатамнагляду, у гэтай зоне знаходзіцца 2.022 населеныя пункты (-45%), у якіх пражывае 930 тыс. чалавек (-58%), у тым ліку 185 тыс. дзяцей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG