Перад візытам у Лёндан (Вялікая Брытанія) Уладзімір Зяленскі правёў сустрэчы з прэм’ерамі Харватыі, Альбаніі, Паўночнай Македоніі і Грэцыі. Яны адбыліся ў межах саміту «Украіна — Паўднёва-Усходняя Эўропа», на якім прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў важнасьць эўрапейскага адзінства для дасягненьня міру.
«Расея павінна прызнаць, што Эўропа мае межы, незалежныя дзяржавы, і кожная зь іх мае права выбіраць сваю будучыню. Праўда знаходзіцца ў тым, што прыняцьце Расеяй рэальнасьці можа пачацца толькі з разуменьня таго, што Ўкраіна ніколі больш ня будзе падпарадкоўвацца Расеі. Запрашэньне Ўкраіны ў NATO і будучае сяброўства для Ўкраіны былі б рэальнымі крокамі да міру. Без геапалітычнай пэўнасьці мір немагчымы», — заявіў Уладзімір Зяленскі на саміце ў Харватыі.
Удзельнікі саміту прынялі дэкларацыю, у якой асуджаюць агрэсію Расеі супраць Украіны і падтрымліваюць мірную форумулу Зяленскага, а таксама сяброўства Украіны ў NATO і яе аднаўленьне пасьля вайны.
У наступныя дні Зяленскі хоча правесьці сустрэчы з некалькімі ключавымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі, каб атрымаць дадатковую вайсковую і фінансавую дапамогу ў той час, як Украіна штодзённа знаходзіцца пад абстрэламі Расеі і жорсткім наступам расейскіх войскаў на ўсходзе.
Прэзыдэнта Ўкраіны вітаў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр на Даўнінг-стрыт, дзе яны паціснулі адзін аднаму рукі на чырвонай дарожцы перад пачаткам сустрэчы. Яны таксама плянуюць сустрэцца з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ — ён наведваў Кіеў на мінулым тыдні на другі ж дзень пасьля таго, як ачоліў альянс.
Прэсавы сакратар брытанскага прэм’ера заявіў журналістам, што Кір Стармэр «зноў заявіць аб жалезнай падтрымцы Ўкраіны ў барацьбе з расейскай агрэсіяй».
У Парыжы Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, а затым адправіцца ў Рым на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Італіі і Папам Рымскім Францішкам.
Сустрэча Макрона з Зяленскім «дасьць магчымасьць прэзыдэнту пацьвердзіць рашучасьць Францыі працягваць падтрымліваць у доўгатэрміновай пэрспэктыве і з усімі сваімі хаўрусьнікамі Ўкраіну і ўкраінскі народ», гаворыцца ў заяве прэзыдэнта Францыі.
11 кастрычніка прэзыдэнт Украіны плянуе наведаць Нямеччыну для кансультацый з канцлерам Оляфам Шольцам.
Зяленскі імкнецца атрымаць як мага больш вайсковай і фінансавай дапамогі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў наступным месяцы.
Злучаныя Штаты надалі Ўкраіне найбольшую вайсковую і фінансавую дапамогу, але перамога Дональда Трампа на выбарах можа паставіць пад сумнеў працяг падтрымкі Вашынгтона.
Форум