Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у інтэрвію «Люстэрку» распавёў, ці захоўваюцца афіцыйныя кантакты паміж Беларусьсю і Ўкраінай і ці сапраўды паміж афіцыйным Менскам і Ўкраінай ёсьць дамоўленасьць «не асьвятляць факты залёту дронаў» у Беларусь, як заявіў Лукашэнка. Пераказваем фрагмэнты гутаркі.
Камэнтуючы словы Лукашэнкі, які ў верасьні заявіў пра нібыта дамоўленасьць «па каналах з украінцамі, што мы ня будзем у СМІ падсьвятляць факты залёту бесьпілётнікаў — і расейскіх, і ўкраінскіх — на нашу тэрыторыю», Міхаіл Падаляк адказаў, што «ня ведае, пра якія дамоўленасьці пэрыядычна кажа спадар Лукашэнка».
«Ён мае права казаць, што лічыць патрэбным. А мы (скажу з сарказмам) заўсёды з задавальненьнем слухаем гэтыя дзівосныя заявы.
Украіна не выкарыстоўвае свае бесьпілётнікі ў беларускім напрамку, гэта абсалютна бессэнсоўна. У нас ёсьць канкрэтныя вайсковыя мэты на тэрыторыі краіны, зь якой мы ваюем. Мы вельмі скрупулёзна выкарыстоўваем дэфіцытныя рэсурсы для іх зьнішчэньня», — заявіў Падаляк.
Паводле яго, на сёньняшні дзень «няма ніякіх дамоўленасьцяў аб тым, каб у рамках гэтай вайны штосьці ўтойваць ці не паказваць», а Беларусь для Ўкраіны «не зьяўляецца тэрыторыяй, празь якую трэба куды-небудзь адпраўляць бесьпілётнікі».
«А вось расейскія „Шахеды“, якія лёгка ідэнтыфікуюцца, пэрыядычна залятаюць на тэрыторыю вашай краіны», — дадаў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны.
На думку Падаляка, Расея «або наўмысна выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для таго, каб там падалі яе бесьпілётнікі, і такім чынам эскалюе сытуацыю, або ненаўмысна, таму што Расея шмат у чым неэфэктыўна выкарыстоўвае свае інструмэнты і ня можа кантраляваць усё, што робіць».
На пытаньне, ці ёсьць ва Ўкраіны цяпер каналы камунікацыі зь беларускім бокам, Падаляк адказаў, што на сёньняшні дзень «афіцыйных каналаў камунікацый не існуе».
«Менск занадта залежы ад Расеі і выконвае пэўныя функцыі ў яе інтарэсах. У тым ліку прапагандысцкія. Адпаведна, ён не зьяўляецца самастойным у вызначэньні парамэтраў зьнешняй і ўнутранай палітыкі. Таму нейкія камунікацыі бессэнсоўныя», — патлумачыў Падаляк.
На пытаньне, як у Офісе прэзыдэнта Ўкраіны ставяцца да прапановы дэпутата партыі Зяленскага «Слуга народа» Алега Дунды «перанесьці вайну на тэрыторыю Беларусі», дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны адказаў коратка: «Ніяк, няма такой прапановы» і дадаў, што, на ягоную думку, «толькі вайскоўцы могуць казаць пра неабходнасьць тых ці іншых апэрацыяў».
«Наша краіна мае ваенныя прыярытэты. Гэта гіганцкая лінія фронту, Курская апэрацыя на тэрыторыі ворага. На мой погляд, маштабаваць вайну і рабіць нейкія правакацыйныя заявы — неразумная тактыка. Я ня бачу сэнсу аналізаваць тое, што ня мае ніякай функцыянальнай каштоўнасьці», — сказаў Падаляк.
Таксама дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны пракамэнтаваў «Люстэрку» накіраваньне Літвой матэрыялаў у Міжнародны крымінальны судаб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Паводле Падаляка, Украіна таксама актыўна супрацоўнічае з пракурорам МКС Карымам Ганам і іншымі міжнароднымі інстытутамі і «ў поўным аб’еме» перадае ім усю інфармацыю, «у тым ліку па Беларусі» (у прыватнасьці, што тычыцца незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей).
Форум