Віктар Орбан і эўрапейскія заканадаўцы абмяняліся ў Эўрапарлямэнце жорсткімі заявамі: прэм’ер-міністар Вугоршчыны заклікаў Эўразьвяз зьмяніцца, у той час як вышэйшыя чыноўнікі ЭЗ папракалі Будапэшт за яго прыязную да Расеі пазыцыю і адступленьне ад дэмакратыі, піша цэнтральная служба навінаў Радыё Свабода.
Віктар Орбан выкарыстаў сваю прамову, якую часам перапынялі крыкі эўрапарлямэнтароў, каб працягнуць заклікі да жорсткай лініі перад абліччам «міграцыйнага крызісу», сьцьвярджаючы, што «Эўразьвяз павінен зьмяніцца».
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен выступіла пасьля Орбана на трыбуне і абвінаваціла яго ў тым, што ён «проста перакінуў праблемы праз плот суседа», маючы на ўвазе датэрміновае вызваленьне Будапэштам больш за 1000 асуджаных за кантрабанду людзей і гандляроў людзьмі.
Яна таксама скрытыкавала палітыку Вугоршчыны па выдачы візаў грамадзянам Расеі бяз дбайнай праверкі. Фон дэр Ляен папракнула Орбана тым, што ён перашкаджае паступленьню вайсковай дапамогі ва Ўкраіну.
«Ёсьць толькі адзін шлях для дасягненьня справядлівага міру для Ўкраіны і для Эўропы, мы павінны працягваць пашыраць сілу супраціву Ўкраіны з дапамогай палітычнай, фінансавай і вайсковай падтрымкі», — сказала фон дэр Ляен.
Лідэрка «Зялёных і Эўрапейскага свабоднага альянсу» у Эўрапарлямэнце Тэры Райнтке сказала Орбану: «Вам тут ня радыя».
Старшыня «Эўрапейскай народнай партыі» ў Эўрапарлямэнце Марцін Вэбер асудзіў сустрэчы вугорскага палітыка з Уладзімірам Пуціным, Дональдам Трампам і Сі Цзіньпінам, назваўшы іх «прапагандысцкім шоў для аўтакратаў».
Сярод вялікай колькасьці выступоўцаў быў адзін з галоўных супернікаў Орбана ў Вугоршчыне — лідэр кансэрватыўнай партыі «Павага і свабода» Петэр Мадзьяр, які цяпер засядае ў Эўрапарлямэнце. Ён заявіў, што пры Орбане Вугоршчына ператварылася ў «адну з самых карумпаваных краінаў Эўразьвязу».
У сваю чаргу вугорскі прэм’ер абвінаваціў эўрадэпутатаў у распаўсюджваньні «хлусьні левага кшталту» пра ягоную краіну і ў «свайго роду інтыфадзе» супраць Вугоршчыны.
Днём раней Орбан заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Страсбуры, што цяперашняя стратэгія ЭЗ па масіраванай дапамозе Ўкраіне «не працуе». «Калі вы ня можаце перамагчы на полі бою — вы павінныя мець зносіны, вы павінныя весьці перамовы», — сказаў ён.
Орбан выступаў перад Эўрапарлямэнтам як кіраўнік ураду краіны, якая зь ліпеня па сьнежань 2024 году старшынюе ў Эўразьвязе.
Форум