Такую лічбу абнародаваў дацэнт катэдры псыхіятрыі, наркалёгіі, псыхатэрапіі і мэдычнай псыхалёгіі Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Сяргей Давідоўскі, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».
«Калі мы бярэм такія парушэньні, як трывога, дэпрэсія, праблемы з адаптацыяй, дык, паводле сучасных дасьледаваньняў, ад іх пакутуе каля 25% насельніцтва. Гэта значыць, кожны чацьвёрты жыхар краіны мае тыя ці іншыя праблемы, зьвязаныя з псыхічным здароўем.
Ад дэпрэсіі пакутуюць 5% насельніцтва (толькі ўдумайцеся!) і ў дапамозе маюць патрэбу больш за 450 тысяч чалавек», — адзначыў Давыдоўскі.
Паводле яго, уплыў псыхічных парушэньняў зьяўляецца адным з фактараў рызыкі разьвіцьця розных саматычных парушэньняў — ад сардэчна-судзінных да анкалягічных.
Сяргей Давідоўскі адзначыў, што ва ўсіх рэгіёнах Беларусі дзейнічаюць цэнтры дапамогі пры памежных псыхічных станах, у якіх працуюць лекары-псыхатэрапэўты і псыхолягі. Акрамя таго, існуюць кругласутачныя тэлефоны экстранай псыхалягічнай дапамогі.
«Гэта вельмі важна: зваротная сувязь дапамагае чалавеку ў стане напружаньня і стрэсу крытычна перагледзець сваю сытуацыю і пазбавіцца ад думак і ідэяў, якія могуць прывесьці да шкоды або незваротных наступстваў», — падкрэсьліў доктар Давідоўскі.
Сяргей Давідоўскі — лекар-псыхіятар, сябра прэзыдыюма Беларускай асацыяцыі псыхатэрапэўтаў і Беларускай псыхіятрычнай асацыяцыі, аўтар больш як 30 навуковых працаў, апублікаваных у айчынных і замежных выданьнях. Раней працаваў загадчыкам аддзяленьня псыхатэрапіі ў Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце экспэртызы працаздольнасьці і інваліднасьці (1994 — 1996), у «Гарадзкім клінічным псыхіятрычным дыспансэр» (з 1998 па 2015 год займаў розныя пасады: лекар-псыхіятар, пасьля — загадчык амбуляторнага псыхатэрапэўтычнага аддзяленьня, намесьнік галоўнага лекара па памежнай псыхіятрыі), з 2005 па 2015 год выконваў абавязкі галоўнага пазаштатнага псыхатэрапэўта ў Менску.
Форум