Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС стварылі 22 атрады добраахвотнікаў для абароны «тэрытарыяльнай цэласнасьці». ФОТА


Атрады «добраахвотнікаў», створаныя МУС для абароны «тэрытарыяльнай цэласнасьці» Беларусі
Атрады «добраахвотнікаў», створаныя МУС для абароны «тэрытарыяльнай цэласнасьці» Беларусі

Улады Беларусі рэгулярна праводзяць вучэньні, трэнаваньні, зборы падчас абвастрэньня адносінаў з Захадам і вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Маскву.

«Калі хтосьці паквапіцца на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі», то па камандзе Аляксандра Лукашэнкі спэцпадразьдзелы будуць неадкладна ўзмоцненыя людзьмі, якія «маюць досьвед і выдатна валодаюць спосабамі вядзеньня баявых дзеяньняў», заявіў 8 кастрычніка дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч, якога цытуе «Позірк».

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала відэафрагмэнт камэнтара Вальфовіча аб праведзеных 8 кастрычніка комплексных заняткаў з вайсковаабавязанымі, якія раней служылі ў АМАП, спэцыяльным падразьдзеле барацьбы з тэрарызмам «Алмаз», спэцпадразьдзелах унутраных войскаў.

За кошт прыцягненьня гэтых сіл, паводле чыноўніка, «баявы патэнцыял дзейных спэцпадразьдзелаў можа быць узмоцнены ў два-тры разы».

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі заявіў аб «выдатнай падрыхтоўцы» ўдзельнікаў заняткаў, якія ён назваў новай формай «прызыву вайсковаабавязных: на дзень, на два, у выходны дзень, без выкарыстаньня сыстэмы мабілізацыі, адпрацаванай у Беларусі».

Былы камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (у цэнтры). Супраць яго дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу за меркаваную датычнасьць да выкраданьняў апанэнтаў Лукашэнкі
Былы камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі Дзьмітры Паўлічэнка (у цэнтры). Супраць яго дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу за меркаваную датычнасьць да выкраданьняў апанэнтаў Лукашэнкі

Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што для гэтага кантынгенту сілавікоў падрыхтаваныя форма і камплекты ўзбраеньня.

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што ў МУС на сёньня створаныя 22 атрады «добраахвотнікаў», колькасьць якіх «пастаянна расьце». У іх склад, сказаў ён, уключаныя былыя вайскоўцы ўнутраных войскаў і міліцэйскіх спэцпадразьдзелаў. Вучэньні былых спэцназаўцаў будуць праходзіць па ўсёй краіне, дадаў кіраўнік ведамства.

Комплексныя заняткі з вайсковаабавязанымі, якія раней служылі ў згаданых структурах МУС, прайшлі на палігоне вучэбнага цэнтру спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў.

Гэта праводзілася «ў рамках рэалізацыі даручэньня» Лукашэнкі «прывесьці ў ідэальны стан войска і сілавы блёк у цэлым», адзначыла ведамства.

На першым этапе заняткаў узровень падрыхтоўкі сілавікоў ацэньвалі Вальфовіч, Кубракоў і намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Пярцоў.

У 2025 годзе ў Беларусі маюць прайсьці прэзыдэнцкія выбары. Апошняя кампанія ў 2020 годзе суправаджалася рэкорднымі для Беларусі сваёй масавасьцю акцыямі пратэстаў, на здушэньне якіх былі кінутыя ўсе сілавыя ведамствы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG