Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падчас праверкі боегатоўнасьці разгарнулі больш за 10 пунктаў навядзеньня авіяцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цяпер на тэрыторыі Беларусі разгорнутыя больш як 10 пунктаў навядзеньня авіяцыі, укамплектаваных вайскоўцамі, якія прыбылі з запасу, заявіў 8 кастрычніка начальнік Генштабу — першы намесьнік міністра абароны Павал Муравейка.

У рамках праверак вайскоўцы, якіх прызвалі з запасу, разам са штатнымі вайскоўцамі злучэньняў і воінскіх частак Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны прывялі ў баявую гатоўнасьць узбраеньне, вайсковую і спэцтэхніку і рушылі ў прызначаныя раёны. Там яны правялі мерапрыемствы па маскіроўцы, антыдронавай абароне і забесьпячэньні радыёэлектроннага прыкрыцьця.

У рамках першага этапу вучэньняў адпрацавалі супрацьдзеяньне авіяцыі суперніка, адбіцьцё ўдараў сродкаў паветранага нападу і рашэньне задач па прыкрыцьці, адзначыў Павал Муравейка. На ягоную думку, сыстэма падрыхтоўкі ваеннаабавязаных і аднаўленьня іх навыкаў «дастаткова эфэктыўна спрацавала і дае свае вынікі».

Акрамя гэтага, 8 кастрычніка на палігоне навучальнага цэнтру спэцпрызначэньня ўнутраных войскаў Валоўшчына прайшлі комплексныя заняткі з ваеннаабавязанымі, якія раней праходзілі службу ў спэцпадразьдзяленьнях МУС, а таксама ўдзельнікамі добраахвотніцкага атраду «Смерч». Там сілавікі трэніраваліся разганяць пратэсты, стралялі зь мінамёта, скідалі боепрыпасы з дрона і інш.

Паводле дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вольфавіча, гэтыя заняткі паказалі, што ваеннаабавязаныя «не страцілі навыкі», таму калі хтосьці замахнецца на сувэрэнітэт Беларусі, «кіраўнікі сілавога блёку дадуць каманду і ў дзейныя падразьдзяленьні, абыходзячы ваенкаматы, на працягу літаральна некалькіх гадзін, прыбудуць тыя, хто выдатна валодае навыкамі і спосабамі вядзеньня баявых дзеяньняў».

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў. За падтрымку Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, трэніроўкі і вайсковыя зборы, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы зь Беларусьсю.
  • 30 верасьня Мінабароны Беларусі паведаміла пра пачатак чарговага этапу праверкі злучэньняў і воінскіх частак, у межах якой «асноўны акцэнт» плянавалі зрабіць на «гатоўнасьці і здольнасьці выконваць задачы па прызначэньні воінскімі часткамі і падразьдзяленьнямі» ВПС і СПА.
  • Таксама 8–11 кастрычніка пад кіраўніцтвам кіраўнікоў абласных выканкамаў па ўсёй Беларусі пройдуць заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасьці, накіраваныя на «павышэньне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасьці органаў упраўленьня тэрытарыяльнай абароны». У рамках заняткаў ваеннаабавязаных прызавуць на аднадзённыя зборы, падчас якіх давядуць да іх «асновы і парадак дзеяньняў у ходзе фармаваньня тэрытарыяльных войскаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG