Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік брытанскай контравыведкі: спэцслужбы Расеі рыхтуюцца ўчыніць «хаос на вуліцах Брытаніі і Эўропы»


Кен Маккалум
Кен Маккалум

Кіраўнік брытанскай службы контравыведкі МІ-5 Кен Маккалум заявіў, што расейскія спэцслужбы паставілі сабе мэту ўчыніць «хаос на вуліцах Брытаніі і Эўропы» і адзначыў, што Вялікая Брытанія цяпер сутыкаецца з самай складанай і шматпластовай пагрозай за ўсю гісторыю ў сувязі зь дзеяньнямі Расеі і Ірану, а таксама тэрарыстычных арганізацый.

Кіраўнік МІ-5 выступіў 8 кастрычніка ў Лёндане на паседжаньні цэнтру контратэрарыстычных апэрацыяў. Тэзы яго выступу публікуе выданьне ВВС.

Паводле Маккалума, пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з Эўропы выслалі больш за 750 расейскіх дыпляматаў, многія зь якіх, сьцьвярджае кіраўнік МІ-5, былі шпіёнамі. Гэта, паводле яго, аслабіла магчымасьці расейскіх спэцслужбаў, цяпер вымушаных зьвяртацца да прадстаўнікоў крымінальных колаў і грамадзян трэціх краін для ўчыненьня «падпалаў, сабатажу і шмат чаго іншага». У той жа час ён падкрэсьліў, што расейскія спэцслужбы не адмовіліся ад сваёй «місіі» — «стварэньня хаосу».

Як адзначае Расейская служба ВВС, кіраўнік брытанскай контравыведкі не ўдакладніў, якія менавіта акцыі ён мае на ўвазе, аднак апошнім часам улады Вялікай Брытаніі й іншых эўрапейскіх дзяржаваў паведамлялі пра некалькі, як мяркуецца, дыверсіяў, учыненых на замову расейскіх уладаў, і раскрыцьцё некалькіх змоваў, накіраваных на арганізацыю дывэрсіяў.

У прыватнасьці, у Вялікай Брытаніі ў пачатку кастрычніка пачаўся суд над абвінавачанымі ў падпале будынку ў Лёндане, які належыць украінскім бізнэсоўцам. Паводле вэрсіі пракуратуры, яны дзейнічалі на замову расейскай ПВК «Вагнэр». Пра іншыя падобныя выпадкі паведамлялі ўлады Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі, краінаў Балтыі.

Улады Расеі, як правіла, адкідаюць абвінавачаньні ў арганізацыі дывэрсіяў у Вялікай Брытаніі й іншых краінах Эўропы, сьцьвярджаючы, што Лёндан спрабуе «разганяць антырасейскую гістэрыю».

Паводле Маккалума, брытанскім спэцслужбам і паліцыі з 2022 году таксама ўдалося раскрыць 20 змоваў, арганізаваных пры падтрымцы Ірану. Ішлося, сярод іншага, пра рыхтаваньне замахаў. Спэцслужбы Кітаю, паводле яго, займаюцца галоўным чынам прамысловым і навуковым шпіянажам.

Паводле кіраўніка МІ-5, толькі за апошні год колькасьць расьсьледаваньняў MI5 аб пагрозах дзяржаве вырасла на 48%.

З сакавіка 2017 году MI5 і брытанская паліцыя разам сарвалі 43 пляны тэрактаў на апошніх стадыях. Маккалум таксама ўдакладніў, што прыкладна 75% патэнцыйных тэрарыстаў, змовы якіх удалося раскрыць, былі ісламістамі і 25% — крайне правымі.

«Першыя 20 гадоў маёй кар’еры тут былі запоўненыя тэрарыстычнымі пагрозамі. Цяпер да іх дадаліся дзяржаўныя забойствы на замову і дывэрсіі на фоне буйной эўрапейскай сухаземнай вайны», — зазначыў кіраўнік брытанскай контрвыведкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG