Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія Ізраілю заявіла пра ліквідацыю яшчэ аднаго высокапастаўленага камандзіра «Хэзбалы»


Пасьля ізраільскага ўдару па паўднёвым прадмесьці Бэйруту, 7 кастрычніка 2024 году
Пасьля ізраільскага ўдару па паўднёвым прадмесьці Бэйруту, 7 кастрычніка 2024 году

8 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы заявілі, што забілі яшчэ аднаго высокапастаўленага камандзіра радыкальнай шыіцкай групоўкі «Хэзбалы».

Сугаіль Хусэйні, які адказваў за лягістыку, бюджэт і кіраваньне «Хэзбалой» — ваенізаванай групоўкай і палітычнай партыяй, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану — быў забіты ў выніку мэтанакіраванага нападу 7 кастрычніка, гаворыцца ў заяве Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ).

«Хусэйні адыгрываў вырашальную ролю ў перадачы зброі паміж Іранам і „Хэзбалой“», — пішуць у заяве і дадаюць, што ён таксама адказваў за разьмеркаваньне сучаснай зброі сярод чальцоў групоўкі і за яе «самыя адчувальныя праекты», у тым ліку апэрацыі супраць Ізраілю.

Армія абароны Ізраілю заявіла, што Хусэйні таксама быў сябрам Рады джыгаду, найвышэйшага вайсковага органу «Хэзбалы», якую Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай групоўкай, а Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.

«Хэзбала» пакуль не пацьвердзіла забойства Хусэйні.

  • 7 кастрычніка, у трагічную гадавіны нападу ХАМАС (прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і Ізраілі) на Ізраіль, у выніку якога загінулі каля 1200 чалавек, «Хэзбала» выпусьціла па тэрыторыі Ізраілю больш за 130 снарадаў. У гэты ж дзень Ізраіль прадэманстраваў гатоўнасьць пашырыць свой наступ на Лібан. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што вайсковая авіяцыя бамбіла аб’екты «Хэзбалы» на поўдні Лібану.
  • Пасьля атакі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль пачаў ваенны наступ на Газу. У выніку яго загінулі каля 42 тысяч палестынцаў, сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы. Каля 90% насельніцтва сэктару Газа былі перамешчаныя, вялікія тэрыторыі былі разбураныя ізраільскімі бамбардзіроўкамі.
  • 7 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы заявілі, што за апошні год яны разбамбілі больш за 40 тысяч цэляў у сэктары Газа, выявілі 4700 тунэляў і зьнішчылі 1000 ракетных пускавых установак.
  • Канфлікт у Газе ўсё яшчэ працягваецца, у той час як Ізраіль цяпер таксама ваюе на другім фронце на поўдні Лібану супраць «Хэзбалы». У апошнія тыдні Ізраіль наносіў авіяўдары па ўсім Лібане, уключаючы Бэйрут, і арганізаваў наземнае ўварваньне на поўдзень Лібану ў сваім імкненьні зьнішчыць магчымасьці і кіраўніцтва «Хэзбалы».
  • Ізраільскія вайскоўцы забілі лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу і, магчыма, яго патэнцыйнага пераемніка Гашэма Сафі ад-Дына.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG