Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Казахстану сьцьвярджаюць, што звыш 70% грамадзян падтрымалі будаўніцтва ў краіне новай АЭС


На ўчастку для рэфэрэндуму ў Казахстане
На ўчастку для рэфэрэндуму ў Казахстане

Цэнтральная камісія рэфэрэндуму абвясьціла папярэднія вынікі галасаваньня ў пытаньні будаўніцтва АЭС у Казахстане.

Згодна з данымі ЦКР, з 12 мільёнаў 284 тысяч 487 чалавек, якія мелі права галасаваць, удзел у галасаваньні ўзялі 7 мільёнаў 820 тысяч 204 чалавекі. Яўка, такім чынам, склала 63,66%.

Колькасьць грамадзян, якія прагаласавалі за будоўлю, склала 5 мільёнаў 561 тысячу 937 чалавек, або 71,12%.

У ноч на 7 кастрычніка абвясьцілі вынікі апытаньня грамадзян сацыёлягамі на выхадзе з выбарчых участкаў пасьля галасаваньня. У СМІ зьявіліся вынікі апытаньня трох інстытутаў. Паводле зьвестак Еxit-pool, амаль 70% галасоў на рэфэрэндуме аддадзеныя тымі, хто падтрымлівае будаўніцтва АЭС у Казахстане. Іншыя лічбы не нашмат адрозьніваюцца.

У дзень рэфэрэндуму з рэгіёнаў Казахстану паступалі паведамленьні ад назіральнікаў аб парушэньнях працэсу галасаваньня, у прыватнасьці зьяўляліся зьвесткі аб укідваньні бюлетэняў.

7 кастрычніка абвесьцяць канчатковыя вынікі рэфэрэндуму.

Казахстан, як успамінала перад галасаваньнем казаская служба Радыё Свабода — Радыё Азаттык — краіна зь няпростай ядзернай гісторыяй. У час гонкі ўзбраеньняў Савецкі Саюз правёў на тэрыторыі рэспублікі, пераважна на ўсходзе, сотні наземных і падземных выпрабаваньняў.

У дзень галасаваньня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў сказаў, што будаўніцтвам АЭС можа заняцца міжнародны кансорцыюм. Дэталяў, аднак, ён не прывёў.

Аб’яднаньні незалежных назіральнікаў паведамлялі пра складанасьці з падрыхтоўкай сваіх прадстаўнікоў з прычыны браку часу — дата рэфэрэндуму была абвешчаная крыху больш як за месяц — і абмежаванасьць фінансавых рэсурсаў.

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), назіральнікі якой не прызналі ніводных выбараў у Казахстане свабоднымі і справядлівымі, на гэты раз ня стала накіроўваць місію ў Астану.

Група эколягаў «АЭС керек емес» («АЭС не патрэбна») перад рэфэрэндумам выказвалі асьцярогі, што дзяржава можа апынуцца ў вялікай залежнасьці ад пастаўніка тэхналёгій АЭС, будзе гэта Расея, Кітай, ці нехта яшчэ. Улады актыўна рэагавалі на любыя праявы нязгоды — некалькіх блогераў затрымлівалі і штрафавалі за пачатак дыскусій вакол АЭС на іхных старонках.

Як і цягам папярэдніх галасаваньняў, у тым ліку выбараў, шэраг дзеячоў, якія выступалі супраць будаўніцтва АЭС, былі арыштаваныя на 15-25 дзён перад рэфэрэндумам. Такім чынам казаскія ўлады зьмяншаюць фон грамадзкай незадаволенасьці.

Аргумэнты праціўнікаў АЭС

З пункту гледжаньня ўдзельнікаў «АЭС керэк емес», станцыя здольная нанесьці непапраўную шкоду экасыстэме возера Балхаш, пасёлку Улькен, на беразе якога ўрад называе імавернай пляцоўкай узьвядзеньня станцыі, піша Азаттык.

Адмыслоўцы прыводзяць таксама такі чыньнік, як высокая сэйсьмічная актыўнасьць рэгіёну: у выпадку землятрусу станцыя можа разбурыцца, шырокія тэрыторыі стануць непрыдатнымі для пражываньня праз радыяцыйнае заражэньне. Нявырашаным застаецца пытаньне ўтылізацыі адходаў АЭС. У гэтых умовах эколягі заклікаюць разьвіваць зялёныя тэхналёгіі і рабіць стаўку на альтэрнатыўную энэргетыку.

Чыньнікам, які падмацоўвае фобіі наконт АЭС у Казахстане, называюць траўму, нанесеную шматгадовымі выпрабаваньнямі ядзернай зброі ў савецкі пэрыяд. З 1949-га па 1989 год на Сяміпалацінскім ядзерным палігоне савецкія вайскоўцы зрабілі звыш 450 выбухаў. Наступствы да гэтага часу адбіваюцца на здароўі мясцовага насельніцтва.

Рэфэрэндуму аб будаўніцтве АЭС папярэднічалі публічныя слуханьні ў рэгіёнах, якія ўлады назвалі часткай маштабнай і канструктыўнай інфармацыйнай кампаніі, а крытыкі — «актыўным навязваньнем» ідэі будаўніцтва АЭС.

Аргумэнтам прыхільнікаў пабудовы было тое, што Казахстан займае першае месца ў сьвеце ў здабычы ўрану — асноўнага складніка паліва для АЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG