Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра «свой шлях» Беларусі, вайну ва Ўкраіне і «дэкалянізацыю» Расеі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Што дрэннага ў тым, каб грамадзкія арганізацыі знаходзілі сабе фінансаваньне за мяжой?

— Для дзяржавы, асабліва небагатай, цалкам карысная справа, калі людзі самі ствараюць, напрыклад, дзіцячы госьпіс або ахоўваюць прыроду, разьвіваюць нацыянальную культуру і знаходзяць на гэта замежнае фінансаваньне. Інакш нічога гэтага не было б, бо ў дзяржавы на гэта няма грошай. Гэта дрэнна толькі для таталітарнага рэжыму, які больш за ўсё на сьвеце баіцца самастойнай актыўнасьці людзей і праз татальны кантроль са зброяй у руках трымаецца пры ўладзе насуперак усім магчымым законам.

— Чаму, на вашу думку, Захад не дазваляе Ўкраіне біць заходняй зброяй па аб’ектах у глыбіні Расеі?

— У маім уяўленьні, такі дазвол быў бы раўназначны адкрыцьцю другога фронту ў мінулую вайну. Калі вайна была сусьветнай і пра перамовы з Гітлерам не магло быць гаворкі. Апроч таго, другі фронт меў на мэце ўратаваць ад нацызму Нямеччыну як найважнейшы фарпост цывілізаванага сьвету ў Эўропе і адну з пэрлінаў сусьветнай культуры. Існуе легенда пра нямецкую мову, якая ў свой час магла стаць афіцыйнай у ЗША. Украіна ў вачах Захаду новая і малавядомая дзяржава, яна яшчэ толькі набірае тую вагу, якая вымагала б уключыцца ў яе ратаваньне ўсім сьветам.

— Ці вартыя шкадаваньня беларусы, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне з расейскага боку?

— На здаровы розум, для гэтай вайны няма ніводнай рацыянальнай прычыны. Гэта цалкам бяздумная агрэсія. У самога найміта можа быць адзіная матывацыя — зарабіць грошы. Можна было б шкадаваць ягоную сям’ю, якая засталася без карміцеля, хоць часьцяком такая сям’я толькі радуецца «кампэнсацыям».

Сапраўды моцна і штодзённа шкада ўкраінскія сем’і, якія гінуць на сваёй зямлі, у сваёй хаце ад рукі расейскага найміта зь беларускім пашпартам у кішэні.

— Ці трэба беларусам выступаць за дэкалянізацыю Расеі?

— Відавочна, што Расея зможа стаць свабоднай, толькі калі перастане быць «турмой народаў». Але, па-першае, такі сцэнар у бачнай пэрспэктыве не выглядае рэальным. Па-другое, мы тым самым выступалі б супраць прызнанага ў сьвеце парадку і прыпадабняліся б да самой Расеі, якая гэты парадак разбурае, а гэта значыць, мы выйшлі б зь міжнароднага прававога поля, якое прызнае нашу ўласную незалежнасьць.

Напэўна, нашы балтыйскія суседзі тут абралі больш разумны і пасьпяховы шлях, калі ня сталі чакаць распаду Расеі, а інтэграваліся ў структуры заходняй дэмакратыі.

— Хто больш выгадны Беларусі на пасадзе прэзыдэнта ЗША: Трамп ці Гарыс?

— Я б задаў гэтае пытаньне беларускім палітвязьням, якія па справядлівасьці мусяць быць прыраўнаныя да ўкраінскіх ваеннапалонных. Бо рэпрэсіі ў нас і напад на Ўкраіну — адна зьява, адна вайна, дзе ваююць тыя самыя бакі: Масква, якая спачатку «зачысьціла» Беларусь, і Кіеў, для нападу на які Масква такім чынам стварыла сабе беларускі пляцдарм.

Больш выгадны той прэзыдэнт ЗША, які ў кожным разе будзе не зацягваць крызісныя сытуацыі, а разьвязваць іх цывілізаваным парадкам. Беларусі будзе больш выгадны той, хто будзе больш выгадны Ўкраіне.

— Вы параўналі Лукашэнку з Мураўёвым-вешальнікам, а які можа быць «тытул» у самога Лукашэнкі?

— Калі глядзець на маштабы русыфікацыі, дык Лукашэнка тут фігура шмат меншага маштабу, чым Мураўёў. Дарэчы, Мураўёў назваў сябе вешальнікам сам. Калі ў яго спыталіся, ці не сваяк ён павешанаму дзекабрысту Сергею Мураўёву-Апосталу, ён адказаў: «Я ня з тых Мураўёвых, што былі павешаныя, а з тых, якія вешаюць».

Лукашэнка — турэмнік, той, для якога турма — гэта хутчэй норма, «гатэль». Калісьці ў 2010-м, калі ён надзеў кайданкі на ўсіх кандыдытаў у прэзыдэнты, ён і сам казаў, што пасадзіў іх у «гатэль» для іхнай жа бясьпекі.

— Ці слушна крытыкуюць Вольгу Гарбунову за тое, што дзякуе ўладам за вызваленьне палітвязьняў?

— Яна кажа, што ўдзячнасьць — гэта ўсё, чаго чакаюць улады, і што ёсьць умовай наступных вызваленьняў. Ні пра якія іншыя ўмовы мы ня ведаем. Многае перакручана цяпер у Беларусі на нялюдзкі лад. І такая форма кантакту з гэтай нялюдзкасьцю не для таго, вядома, каб падыгрываць ёй, а якраз для таго, каб пачаць выходзіць да нармальнасьці.

Увогуле, дзякаваць ці не, вырашае палітвязень, а ня той, хто ў бясьпецы і ад удзячнасьці якога тое вызваленьне залежыць. Ня можа ў мяне быць цьвёрдасьці прынцыпаў коштам пакутаў іншых людзей.

— Чаму ў дэмакратычнай Літве забараняюць лукашэнкаўскую прапаганду?

— Бо гэта прапаганда вайны і варожасьці. У постсавецкіх краінах, дзе ўсталяваная дэмакратыя, вяршэнства закону і правоў чалавека, жыве нямала грамадзян, асабліва старэйшага пакаленьня, якія маюць рэваншысцкія настроі, а пры тым, у адрозьненьне ад Беларусі, зьяўляюцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі рэальных выбараў. Калі самі Беларусы ўспрымаюць прапаганду як нешта несапраўднае і далёкае ад жыцьця, дык для ваяўніча настроеных пэнсіянэраў Літвы гэта сапраўдны рупар. Такім чынам дэмакратыя бароніць сябе ад вяртаньня дыктатуры і таталітарызму.

— А што такое «свой шлях» Беларусі, які патрабуе паважаць менскі чыноўнік?

— У нашай геапалітычнай сытуацыі свой можа быць толькі тупік, які мы і назіраем і які ў адэкватным сьвеце паважаць ня будуць. Чыноўнікі паўтараюць: «дыктатура наш брэнд». То бок гэта антынародная палітыка, дзе народ увогуле існуе толькі для чынавенскай пагарды. Гэта брэнд дыктатара і яго прыслужнікаў, а ніяк не народа і не краіны, якія гэтага дыктатара даўно і відавочна не ўхваляюць. Дыктатар і прыслужнікі трансьлююць мноства бздураў, цалкам адваротных таму, на чым трымаецца нармальнае чалавечае грамадзтва.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG