Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прагаласавала за наданьне дзіцячым дамам пры манастырах статусу адукацыйнай установы


Сьвята-Елісавецінскі манастыр у Менску, які падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
Сьвята-Елісавецінскі манастыр у Менску, які падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ у першым чытаньні падтрымала наданьне дзіцячым дамам пры манастырах статусу адукацыйнай установы, інфармуе агенцтва «Позірк».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2 кастрычніка прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў па пытаньнях адукацыі». Сярод іншага папраўкі прадугледжваюць укараненьне новага віду сацыяльна-пэдагагічнай установы — «дзіцячы дом пры манастыры».

Згодна з Кодэксам аб адукацыі, сацыяльна-пэдагагічнаю лічыцца ўстанова адукацыі, якая «рэалізуе праграму выхаваньня і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спэцыяльнай адукацыі, адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі».

Стварэньне дзіцячых дамоў пры манастырах стала магчымым пасьля прыняцьця ў 2023 годзе і падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам у пачатку 2024-га закону «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці рэлігійных арганізацый».

Паводле інфармацыі прэс-службы ПП НС, законапраектам «Аб зьмене законаў па пытанбнях адукацыі» прапануецца таксама замацаваць патрабаваньні да навучэнцаў школ насіць адзеньне дзелавога стылю, выключыць магчымасьць рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі адукацыйных праграм дашкольнай і спэцыяльнай адукацыі.

Экспэрт Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) юрыст-міжнароднік Кацярына Дзейкала 27 верасьня на анлайн-прэзэнтацыі падрыхтаванага арганізацыяй агляду «Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Май — жнівень 2024 году» адзначыла, што зьяўленьне дзіцячых дамоў пры манастырах «стварае дадатковую ўразьлівасьць для дзяцей, якія і так цалкам залежаць ад дзяржавы і максымальна ўразьлівыя».

Пры гэтым, паводле яе слоў, улады прызнаюць, што гэтая практыка запазычана ў Расеі, дзе праваслаўная царква «адыгрывае вялікую ролю ў дзяржаўнай ідэалёгіі, ідэалёгіі „рускага сьвету“ і прапагандзе (у тым ліку ваеннай)».

Такія дзіцячыя дамы, упэўненыя ў БХК, «відавочна стануць інструмэнтамі максымальнай індактрынацыі найбольш уразьлівых груп дзяцей — дзяцей, якія знаходзяцца ў поўнай залежнасьці ад дзяржавы».

Асноўныя палажэньні актуальнага Кодэксу аб адукацыі пачалі дзейнічаць з 1 верасьня 2022 году. Сярод уведзеных тады навінак былі абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 гадоў) замест агульнай базавай (9 гадоў). Новы кодэкс даў магчымасьць падлеткам, якія знаходзяцца ў СІЗА, працягваць навучаньне. Папярэдняя рэдакцыя дакумэнту набыла моц 1 верасьня 2011 году.

  • Пасьля падзей 2020 году рэпрэсіі закранулі ў тым ліку сфэры навукі і адукацыі. Перасьлед зазаналі студэнты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці, навукоўцы; многія былі адлічаныя або звольненыя, пазбаўленыя волі, вымушана пакінулі краіну. Ва ўнівэрсытэтах зьявіліся прарэктары па бясьпецы і кадрах, якія фактычна адказваюць за палітычную лаяльнасьць у ВНУ. У школах сталі масава ствараць «клясы вайскова-патрыятычнай накіраванасьці». Не працягнулі ліцэнзіі большасьці прыватных школ і дзіцячых садоў, спыняюць працу нямногія недзяржаўныя ВНУ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG