Пастаўскі раённы савет дэпутатаў ухваліў рашэньне аб скасаваньні вёскі Тарасаўка Юнькаўскага сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці.
Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, рашэньне ўхвалілі ў межах паўнамоцтваў мясцовых саветаў, прадугледжаных законам аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі.
14-ы артыкул гэтага закону прадугледжвае права мясцовых саветаў ствараць, аб’ядноўваць і скасоўваць населеныя пункты.
Адметна, што яшчэ летась вёску, якую цяпер, імаверна, прызналі «мёртвай», уключылі ў склад Юнькаўскай выбарчай акругі № 19 з цэнтрам у аграгарадку Юнькі, створаную для адзінага дня галасаваньня 25 лютага 2024 году, калі грамадзяне мелі выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Усяго ў гэтую выбарчую акругу ўваходзілі 64 населеныя пункты Юнькаўскага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Згодна з паведамленьнем раённых уладаў, у сьпісы выбарнікаў гэтай акругі былі ўключаныя 810 грамадзян.
Ад вёскі Тарасаўка да аграгарадку Юнькі, дзе быў ўчастак для галасаваньня, — 8,5 кілямэтра. Як вынікае з раскладу руху прыгарадных аўтобусаў, у Тарасаўку і зь яе нават няма аўтобусных маршрутаў. Грамадзкі транспарт ходзіць толькі паміж Юнькамі і Паставамі.
Форум