Першыя пяць гадоў ён правядзе ў турме, астатні тэрмін — у калёніі асаблівага рэжыму. Яму таксама прызначылі штраф 700 тысяч рублёў, піша ТАСС.
Пермякова прызналі вінаватым у зьдзяйсьненьні тэракту, незаконным абароце зброі, праходжаньні навучаньня ў мэтах ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці, вырабе выбуховых прыстасаваньняў і падробцы дакумэнтаў.
Сам Пермякоў прызнаў віну ў замаху на Прылепіна. Ён заявіў, што яго нібыта завэрбавала Служба бясьпекі Ўкраіны за 20 тысяч даляраў.
Украінскі бок сваё магчымае дачыненьне да выбуху прадметна не камэнтаваў. Адказнасьць узяў на сябе рух украінцаў і крымскіх татараў «Атэш».
- Аўтамабіль Прылепіна падарвалі раніцай 6 траўня 2023 году ў Борскім раёне Ніжагародзкай вобласьці Расеі. У выніку выбуху загінуў ягоны целаахоўнік. Самога Прылепіна на верталёце даставілі ў абласную бальніцу, дзе яму зрабілі апэрацыю. 7 траўня яго вывелі з комы.
- Аляксандра Пермякова затрымалі адразу пасьля замаху. На відэа, якое апублікаваў сьледчы камітэт Расеі, ён сьцьвярджаў, што быў завэрбаваны ўкраінскімі спэцслужбамі яшчэ ў 2018 годзе, а ў Расею прыехаў у 2022-м нібыта з мэтай забойства Прылепіна. Пры гэтым расейскія СМІ паведамлялі, што Пермякоў раней служыў у падразьдзелах прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе.
- Захар Прылепін таксама служыў у падразьдзеле прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе, у 2018 годзе міністэрства культуры Ўкраіны ўносіла яго ў сьпіс асобаў, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Форум