Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прымаючы Ўладзіміра Зяленскага ў Белым Доме, падкрэсьліў, што «Расея не атрымае перамогі».
«Пераможа Ўкраіна, і мы працягнем падтрымліваць вас на кожным этапе гэтага шляху», — дадаў амэрыканскі лідэр.
Уладзімір Зяленскі заявіў, што ЗША і Украіна «падзяляюць адно бачаньне, што будучыня бясьпекі Ўкраіны ляжыць у NATO і ЭЗ, і Украіна праводзіць беспрэцэдэнтную колькасьць рэформ на гэтым шляху».
У Белым доме апроч Байдэна Зяленскі сустрэўся ў чацьвер з віцэ-прэзыдэнтам ЗША і кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс. Яна назвала заявы аб здачы Ўкраінай значнай часткі сваёй суверэннай тэрыторыі ў абмен на спыненьне баявых дзеяньняў «прапановамі аб капітуляцыі, а не аб міры». Агенцтва Associated Press назвала гэтыя словы Гарыс тонка завуаляванай крытыкай прапаноў свайго суперніка на выбарах, кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа і яго напарніка Джэя Ды Вэнса.
Гарыс на сустрэчы зь Зяленскім таксама сказала, што ЗША падтрымліваюць Украіну, паколькі гэта адпавядае іх уласным стратэгічным інтарэсам.
Раней у чацвер, 26 верасня, Уладзімір Зяленскі, які знаходзіцца з візытам у ЗША, прыбыў у Капітолій, дзе яго віталі лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумер і лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл. Пазьней Зяленскі паведаміў, што сустрэўся з двухпартыйнай дэлегацыяй Сэнату, каб абмеркаваць ключавыя пункты свайго пляну перамогі.
Таксама пасьля наведваньня Капітолія Зяленскі зазначыў, што «ў сталіцы ЗША ва Ўкраіны шмат сяброў, якія зь першых дзён поўнамаштабнага расейскага ўварваньня стаяць побач з украінцамі ў барацьбе за свабоду і незалежнасьць».
Да гэтага ў чацьвер стала вядома, што адміністрацыя Злучаных Штатаў выдаткуе на патрэбы абароны Ўкраіны дадаткова амаль 8 мільярдаў даляраў. Пра гэта паведаміў Джо Байдэн. Ён даручыў міністэрству абароны накіраваць на дапамогу Ўкраіне ўсе сродкі, выдзяленьне якіх раней было адобрана Кангрэсам. 5,5 мільярда даляраў будзе накіравана на пастаўкі Ўкраіне амэрыканскай вайсковай тэхнікі з арсэналаў Пэнтагону. Яшчэ 2, 4 мільярды даляраў прадугледжаны на пастаўкі Кіеву тэхнікі ў рамках ініцыятывы па садзейнічаньні Ўкраіне ў галіне бясьпекі. Гаворка ідзе аб новых сыстэмах СПА.
У сувязі з паездкай Зяленскага ў ЗША паведамлялася, што ён рыхтуецца прадставіць Байдэну і Гарыс так званы плян перамогі. Прадстаўнікі Зяленскага таксама казалі, што ён плянуе пабачыцца з Дональдам Трампам. Сам жа Трамп праз час пацьвердзіў, што сутрэча мусіць адбыцца 27 верасьня. На гэтым тыдні Дональд Трамп абрынуўся на ўкраінскага лідэра з нападкамі. Ён сказаў, што ЗША «працягваюць даваць мільярды даляраў чалавеку, які адмаўляецца заключыць зьдзелку», каб пакласьці канец вайне. Пасланьне палітыка-рэспубліканца супастаўляецца з расейскай прапагандай, якая сьцьвярджае, што кровапраліцьцё падаўжае не агрэсія Масквы, а непрымірымасьць Кіева, адзначае AP.
Па дадзеных СМІ, «плян перамогі» Ўладзіміра Зяленскага зьмяшчае ў тым ліку просьбу дазволіць Украіне наносіць удары па мэтам у глыбіні Расеі заходняй зброяй, а таксама фармальнае запрашэньне Ўкраіны ў NATO.
Шэраг СМІ пісалі, што ў адміністрацыі ЗША скептычна ставяцца прынамсі да часткі гэтага пляну, называючы яго проста пашыраным наборам патрабаваньняў, а не стратэгіяй. Афіцыйна Вашынгтон плян пакуль не камэнтаваў.
Форум