Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белым доме прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны


Перад пачаткам сустрэчы ў Белым доме з Уладзімірам Зяленскім Джо Байдэн адзначыў, што новы маштабны пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на суму каля 8 мільярдаў даляраў, пра які ён абвясьціў напярэдадні, «ўмацуе пазыцыі Ўкраіны на перамовах у будучыні».

Амэрыканскі прэзыдэнт, прымаючы Зяленскага, падкрэсьліў, што «Расея не атрымае перамогі». «Пераможа Ўкраіна, і мы працягнем падтрымліваць вас на кожным этапе гэтага шляху», — дадаў прэзыдэнт ЗША, цытуе расейская служба ВВС.

Таксама Байдэн падкрэсьліў, што для посьпеху Ўкраіны неабходныя два элемэнты: працяг вайсковай дапамогі краін Захаду і міжнародная падтрымка для гарантаваньня доўгатэрміновай бясьпекі, у тым ліку за кошт набліжэньня Кіева да сяброўства ў Эўразьвязе і NATO. Паводле яго, для гэтага Ўкраіне таксама трэба «рэалізаваць рэформы для барацьбы з карупцыяй і ўмацаваньня дэмакратыі».

Уладзімір Зяленскі заявіў, што ЗША і Ўкраіна «падзяляюць адно бачаньне, што будучыня бясьпекі Ўкраіны ляжыць у NATO і Эўразьвязе, і Ўкраіна праводзіць беспрэцэдэнтную колькасьць рэформаў на гэтым шляху».

Зяленскі прадставіў Байдэну тое, што ён назваў сваім «плянам перамогі», і зноў папрасіў, каб ЗША зьнялі абмежаваньні на выкарыстаньне амэрыканскай зброі далёкага дзеяньня для нанясеньня ўдараў па ваенных аб'ектах углыб Расеі.

Раней 26 верасьня Ўладзімір Зяленскі прыбыў у Капітолій, дзе яго сустрэлі лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр і лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл. Пазьней Зяленскі паведаміў, што сустрэўся з двухпартыйнай дэлегацыяй Сэнату, каб абмеркаваць ключавыя пункты свайго «пляну перамогі».

Да гэтага Джо Байдэн паведаміў, што адміністрацыя ЗША выдаткуе на патрэбы абароны Ўкраіны дадаткова амаль 8 мільярдаў даляраў. Ён даручыў міністэрству абароны накіраваць на дапамогу Ўкраіне ўсе сродкі, выдзяленьне якіх раней ухваліў Кангрэс.

У Белым доме, апроч Байдэна, Зяленскі плянаваў сустрэцца 26 верасьня зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША і кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс. Падчас асабістых сустрэч Зяленскі плянаваў прадставіць Байдэну і Гарыс так званы «плян перамогі» Ўкраіны. З гэтым дакумэнтам Зяленскі хацеў азнаёміць і кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа, але 25 верасьня ў штабе Трампа заявілі, што яго сустрэча зь Зяленскім «не заплянаваная».

  • Паводле СМІ, «плян перамогі» Зяленскага зьмяшчае ў тым ліку просьбу дазволіць Украіне наносіць удары па цэлях у глыбіні Расеі заходняй зброяй, а таксама фармальнае запрашэньне Ўкраіны ў NATO.
  • Шэраг СМІ напісалі, што ў адміністрацыі ЗША скептычна ставяцца прынамсі да часткі гэтага пляну, называючы яго проста пашыраным наборам патрабаваньняў, а не стратэгіяй. Афіцыйна Вашынгтон плян пакуль не камэнтаваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG