Прадстаўнік Нацыянальнай пракуратуры Польшчы паведаміў «Белсату», што ў справе нападу на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава абвінавачаньні выставілі васьмі асобам, адзін з падазраваных — грамадзянін Беларусі Віктар П. Яго падазраюць у трох злачынствах, у тым ліку паводле артыкулаў 18 і 119 Крымінальнага кодэксу Польшчы:
- артыкул 119 — «Дыскрымінацыя», але датычыць яна гвалтоўных дзеяньняў або пагрозаў на падставе нацыянальнай, этнічнай, расавай, палітычнай ці рэлігійнай прыналежнасьці або яе адсутнасьці;
- артыкул 18 — пра формы саўдзелу. Ён мае тры часткі: кіраваньне злачынствам або загад учыніць яго; падбухторваньне да злачынства; спрыяньне злачынству шляхам даваньня прылады, транспарту ці парадаў або бязьдзейнасьць у спыненьні злачынства.
Адносна падазраванага беларуса ўжылі меру стрыманьня ў выглядзе ізаляцыі, цяпер вядуць далейшыя працэсуальныя дзеяньні і збор доказаў. Пасьля гэтага беларусу выставяць канчатковае абвінавачаньне. Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск раней заяўляў, што напад на Волкава замовіў грамадзянін Беларусі.
Польская пракуратура супольна з Агенцтвам унутранай бясьпекі вядуць шматплянавае расьсьледаваньне нападаў на расейскіх апазыцыянэраў, пераважна зьвязаных з Фондам барацьбы з карупцыяй, створаным Аляксеем Навальным у 2011 годзе. Справа датычыць нападаў на расейскіх актывістаў як у краінах Эўропы, гэтак і ў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыках.
Сярод падазраваных у справе пра напад на расейскіх апазыцыянэраў — расейскі юрыст Анатоль Бліноў, затрыманы 13 верасьня. Пракуратура выставіла яму тры абвінавачаньні, у тым ліку ў зьбіцьці Волкава «з прычыны ягонай нацыянальнай, палітычнай прыналежнасьці і палітычнай дзейнасьці». Бліноў арыштаваны на тры месяцы.
Расейскі «Фонд барацьбы з карупцыяй» заяўляе, што замах на Леаніда Волкава 12 сакавіка 2024 году быў замоўлены саўладальнікам кампаніі «ЮКОС» Леанідам Неўзьліным, які даручыў юрысту Блінову ўсё арганізаваць. Неўзьлін, у сваю чаргу, яшчэ 5 жніўня накіраваў у літоўскую паліцыю заяву, у якой сьцьвярджае, што Бліноў наўмысна стварае ўражаньне, што за нападам на Волкава стаіць ён (Неўзьлін).
Падчас нападу на Волкава злачынца разьбіў шкло ў машыне, распыліў сьлезацечны газ і зьбіў расейскага апазыцыянэра малатком, у выніку чаго ў мужчыны была зламаная рука.
У красавіку ў справе пра замах на Волкава затрымалі двух грамадзян Польшчы — Ігара Ц. і Максіміліяна К. Абодвум выставілі абвінавачваньне ў гвалце на падставе нацыянальнасьці і палітычнай дзейнасьці.
Форум