Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Безразважная і безадказная пагроза». ЗША і Эўразьвяз — пра новую ядзерную дактрыну Расеі


Расейскі межкантынэнтальны балістычны комплекс «Ярс» на парадзе ў Маскве
Расейскі межкантынэнтальны балістычны комплекс «Ярс» на парадзе ў Маскве

Кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Энтані Блінкен назваў безадказным і несвоечасовым папярэджаньне Ўладзіміра Пуціна, зьвернутае да Захаду, пра магчымасьць выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

25 верасьня, калі сусьветныя лідэры сабраліся ў Нью-Ёрку на Генасамблею ААН, Пуцін анансаваў зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі і папярэдзіў заходнія краіны, што Расея можа ўжыць ядзерную зброю, калі па ёй будзе нанесены ўдар з выкарыстаньнем звычайных ракет.

«Гэта абсалютна безадказна, — сказаў Блінкен у інтэрвію MSNBC у чацьвер. — Я думаю, што шмат хто ў сьвеце, уключаючы Кітай, ясна казаў пра гэта ў мінулым, калі ён бразгаў ядзернай шабляй. Таму я б проста параіў зрабіць гэта зараз, калі ўвесь сьвет сабраўся... сказаць пра неабходнасьць большага раззбраеньня і нераспаўсюджваньня».

Заява Пуціна прагучала ў момант, калі Ўкраіна дамагаецца ад заходніх саюзьнікаў дазволу на выкарыстаньне зброі далёкага радыюсу дзеяньня для нанясеньня ўдараў па цэлях у глыбіні Расеі. ЗША і Вялікая Брытанія цяпер абмяркоўваюць пытаньне пра магчымасьць дазволіць Украіне наносіць удары звычайнымі ракетамі заходняй вытворчасьці па цэлях на расейскай тэрыторыі.

Прадстаўнік Эўразьвязу Пэтэр Стана заявіў, што пазыцыя Пуціна тым больш неразумная, што яе агучвае лідэр краіны, якая зьяўляецца сталым чальцом Рады бясьпекі ААН. У Эўразьвязе пагрозу Ўладзіміра Пуціна санкцыянаваць ядзерны адказ у выпадку масаванага паветранага ўдару па тэрыторыі Расеі расцанілі як «безразважную і безадказную».

«Пуцін ужо ня першы раз спэкулюе сваім ядзерным арсэналам, — заявіў журналістам Стана. — Мы, вядома, рашуча не прымаем гэтыя пагрозы».

  • 25 верасьня Ўладзімір Пуцін анансаваў зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі і прыгразіў ужыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. Паводле яго, Расея будзе разглядаць магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ўжо пры атрыманьні «дакладнай інфармацыі» пра масаваны старт сродкаў паветрана-касьмічнага нападу і перасячэньне імі дзяржаўнай мяжы. Паводле Пуціна, гаворка пра самалёты стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатыя ракеты, дроны, гіпэргукавыя і іншыя лятальныя апараты.
  • Раней 26 верасьня прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што заплянаваныя зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі трэба разглядаць як «канкрэтны сыгнал» Захаду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG