Дональд Трамп, які быў настроены крытычна наконт дапамогі, якую Вашынгтон аказвае Кіеву, заявіў, што Ўкраіна мусіла пайсьці на саступкі прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну за некалькі месяцаў да нападу РФ у лютым 2022 году.
«Любая дамова — самая дрэнная дамова — была б лепшай за тое, што ў нас ёсьць цяпер, — сказаў Трамп. — Калі б яны заключылі дрэнную дамову, гэта было б нашмат лепш. Яны б саступілі крыху, і ўсе б засталіся жывыя, і ўсе дамы былі б цэлыя».
Трамп зрабіў гэтую заяву на мітынгу ў Паўночнай Караліне, у той час як Зяленскі прысутнічаў на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку перад візытам 26 верасьня ў Вашынгтон, дзе чакаецца, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн аб’явіць аб новым пакеце дапамогі.
Трамп часта заяўляў, што Расея ніколі б не ўварвалася ва Ўкраіну, калі б ён быў прэзыдэнтам ЗША, і што ён хутка паклаў бы канец вайне, калі б вярнуўся ў Белы дом. Аднак ён ня даў ніякіх канкрэтных тлумачэньняў таго, як зьбіраецца гэта зрабіць.
Падчас дэбатаў у пачатку гэтага месяца зь віцэ-прэзыдэнткай Камалай Гарыс, кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі, Трамп адмовіўся сказаць, ці хоча ён, каб Украіна выйграла вайну.
Расея і Ўкраіна правялі некалькі перамоваў да таго, як пачалося поўнамаштабнае ўварваньне ў лютым 2022 году, але Кіеў адхіліў патрабаваньні Масквы, якія ўключалі прызнаньне незаконнай анэксіі Расеяй Крыму і кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторый у Луганскай і Данецкай вобласьцях.
Камэнтар Трампа ў Паўночнай Караліне, падобна, быў адказам на заяву Зяленскага ў інтэрвію The New Yorker, у якім той сказаў, што Трамп «насамрэч ня ведае, як спыніць вайну, нават калі думае, што ведае».
Трамп адзначыў, што Зяленскі знаходзіцца ў ЗША, і сказаў, што той робіць «невялікія непрыемныя намёкі ў адрас вашага любімага прэзыдэнта — мяне».
Ён таксама апісаў Украіну як краіну ў руінах за межамі Кіева, якая адчувае нястачу салдатаў, і засумняваўся, ці засталіся ў яе якія-небудзь козыры для перамоваў аб завяршэньні вайны.
«Якую ўгоды мы можам заключыць? Яна разбураная», — дадаў ён.
«Людзі мёртвыя. Краіна ў руінах».
Зяленскі заявіў, што прадставіць Байдэну так званы плян перамогі ў вайне, які, як чакаецца, будзе ўключаць просьбу аб дазволе выкарыстоўваць прадстаўленую ЗША дальнабойную зброю для нанясеньня ўдараў па расейскіх цэлях.
Зьяўляліся паведамленьні аб тым, што можа адбыцца сустрэча Трампа і Зяленскага ў Нью-Ёрку, але, па зьвестках амэрыканскіх СМІ, гэтая сустрэча, падобна, не адбудзецца.
Белы дом заявіў, што Байдэн запусьціў сумесную дэклярацыю аб падтрымцы аднаўленьня Ўкраіны, у якой узялі ўдзел больш за 30 краін, уключна з краінамі «Вялікай сямёркі» і Эўрапейскага зьвязу.
Байдэн, Зяленскі і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен сабраліся зь іншымі сусветнымі лідэрамі на палях Генэральнай Асамблеі ААН, дэманструючы моцнае адзінства ў падтрымцы Ўкраіны.
«Мы абавязваемся даць Украіне рэсурсы, неабходныя для таго, каб яна змагла аднаўляцца лепей, чым раней... Вы не самотныя ў гэтай барацьбе», — сказаў Байдэн, прадстаўляючы сумесную дэклярацыю.
У копіі дакумэнту, распаўсюджанай Белым домам, гаворыцца, што Расея абавязаная, паводле міжнароднага права, выплаціць кампэнсацыю за нанесеную Ўкраіне шкоду.
«Мы пацьвярджаем, што, у адпаведнасьці з прымяняльнымі законамі і нашымі прававымі сыстэмамі, суверэнныя актывы Расеі на нашай тэрыторыі застануцца замарожанымі да таго часу, пакуль Расея ня спыніць агрэсіі і не аплаціць шкоду, нанесеную Ўкраіне», — гаворыцца ў дакумэнце.
Байдэн заявіў, што 26 верасьня будуць абвешчаныя новыя дзеяньні ЗША дзеля паскарэньня падтрымкі Ўкраіны.
У сваім выступе Зяленскі згадаў плян Маршала ў аднаўленьні Эўропы пасьля Другой сусьветнай вайны і сказаў:
«Сёньня мы закладваем аснову для аналягічнай архітэктуры аднаўленьня».
Тым часам Дзярждэпартамэнт ЗША 25 верасьня аб’явіў, што Вашынгтон дасьць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу на суму 375 мільёнаў даляраў.
Пакет уключае сыстэмы залпавага агню (HIMARS) і браняваныя машыны, а таксама супрацьтанкавыя ракеты Javelin і ракеты TOW.
Форум