Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў полк Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй»


Байцы палку Каліноўскага, архіўнае фота
Байцы палку Каліноўскага, архіўнае фота

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў «тэрарыстычнай арганізацыяй» полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) і «структуры, якія ўваходзяць у ягоны склад».

Як заявіў начальнік упраўленьня Генпракуратуры Аляксандар Карповіч, на падставе «прадстаўленых доказаў» ведамства нібыта ўстанавіла дачыненьне «па-экстрэмісцку настроеных грамадзян, якія ўваходзяць у склад гэтага фармаваньня, да арганізацыі, плянаваньня, падрыхтоўкі і ўчыненьня актаў тэрарызму на тэрыторыі Беларусі».

У прэс-рэлізе Генпракуратуры сьцьвярджаецца, што полк Каліноўскага ажыцьцяўляў «вэрбаваньне, узбраеньне, навучаньне і выкарыстаньне тэрарыстаў», а таксама «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці».

Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, «арганізацыя дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі» (п.1 арт. 290-5) караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў са штрафам, удзел у «тэрарыстычнай арганізацыі» (п.2 арт. 290-5) — пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў са штрафам.

26 жніўня стала вядома, што заяву ў Вярхоўны суд аб прызнаньні палку Каліноўскага «тэрарыстычнай арганізацыяй» падаў генпракурор Беларусі Андрэй Швед на прапанову КДБ.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сілаў Украіны, а 21 траўня ён быў трансфармаваны ў полк імя Кастуся Каліноўскага.

У Беларусі па факце стварэньня палку Каліноўскага раней завялі крымінальную справу, яго прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG