«Гэта быў замах на Дональда Трампа, але я падвёў вас. Я стараўся з усіх сілаў і праявіў усю кемлівасьць, на якую быў здольны», — гаворыцца ў паперы, якую Рут паклаў у скрынку і пакінуў у доме сябра. У ёй ён таксама прапануе ўзнагароду ў памеры 150 тысяч даляраў таму, «хто зможа завяршыць гэтую працу».
У запісцы гаварылася, што Трамп не падыходзіць на пасаду прэзыдэнта ЗША. Па словах пракурораў, у скрынцы, акрамя запіскі, таксама знаходзіліся боепрыпасы і мэталічная труба.
Таксама паведамляецца, што пры вобшуку аўтамабіля Рута паліцыя знайшла «напісаны ад рукі сьпіс датаў у жніўні, верасьні і кастрычніку 2024 году і месцаў, дзе былы прэзыдэнт зьяўляўся або павінен быў прысутнічаць». Акрамя таго, было знойдзена шэсьць мабільных тэлефонаў, на адным зь якіх быў выкананы пошукавы запыт у Google аб тым, як дабрацца ў Мэксыку з акругі Палм-Біч, дзе Рут хацеў страляць.
У панядзелак мусіць адбыцца судовае пасяджэньне, на якім пракуроры папросяць судзьдзю пакінуць Рута ў турме да суду. Зараз яму выставілі абвінавачаньне ў незаконным валоданьні зброяй, у ім два пункты — захоўваньне агнястрэльнай зброі раней асуджанай асобай і захоўваньне зброі са сьцёртым сэрыйным нумарам.
Рута затрымалі 15 верасьня каля поля для гольфу ва Уэст-Палм-Біч, штат Флорыда, дзе ў гэты момант знаходзіўся Дональд Трамп. Паводле дадзеных СМІ, за Рутам лічацца некалькі правапарушэньняў. Ён таксама расказваў СМІ, што спрабаваў вэрбаваць былых салдатаў афганскай арміі для службы ўва УСУ і правёў у 2022 годзе некалькі месяцаў на ўкраінскай тэрыторыі.
Спроба замаху была папярэджана пасьля таго, як агент Сакрэтнай службы адкрыў папераджальны агонь па кустах, якія атачаюць поле для гольфу, заўважыўшы сярод зеляніны рулю аўтамата. Трамп у гэты момант гуляў у гольф.
Рут паспрабаваў уцячы на аўтамабілі, але быў неўзабаве затрыманы. У кустах за агароджай, якая аддзяляе гольф-клюб ад шашы, была знойдзеная паўаўтаматычная стрэльба са снайпэрскім прыцэлам, а таксама відэакамэра.
Форум