Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хезбала» атакавала Ізраіль, той ударыў у адказ. Ізраільскі МЗС пераблытаў месца нараджэньня Хрыста


Наступствы абстрэлу ў Ізраілі. 22 верасьня 2024
Наступствы абстрэлу ў Ізраілі. 22 верасьня 2024

Армія абароны Ізраілю паведаміла, што мінулае начы па ізраільскай тэрыторыі была выпушчаная больш як сотня ракет зь Лібану, большасьць зь іх былі перахопленыя.

Адказнасьць за атакі Ізраіль усклаў на лібанскую групоўку «Хезбала», прызнаную тэрытарыстычнай у ЗША і шэрагу іншых краін.

Шматлікія пажары ўзьніклі ў паўночных раёнах краіны. Параненыя тры чалавекі.

«Хезбала» паведаміла, што цэльлю ўдару быў вайсковы завод у раёне Хайфы.

Акрамя таго, мінулае начы лібанская групоўка запусьціла ракеты ў бок авіябазы Рамат-Давід на поўначы Ізраілю. Гэта самая далёкая цэль, атакаваная «Хезбалой» на тэрыторыі Ізраілю з моманту эскаляцыі ў леташнім кастрычніку, пасьля нападу на поўдзень Ізраілю палестынскай групоўкі ХАМАС.

Акрамя таго, сваімі цэлямі «Хезбала» назвала аб’екты абарончай кампаніі Rafael.

У адказ ізраільскія вайскоўцы атакавалі каля 300 аб’ектаў «Хезбалы» ў Лібане.

Ізраільскі МЗС, паведамляючы пра атаку на Назарэт, памылкова назваў яго месцам нараджэньня Хрыста. Карыстальнікі інтэрнэту папраўляюць, што Хрыстос усё ж нарадзіўся ў Бэтлееме.

  • «Хезбала» — праіранская групоўка, якая дзейнічае асобна ад лібанскіх уладаў.
  • Абвастрэньне абстаноўкі на паўночнай мяжы Ізраілю ўзрасло пасьля таго, як у аўторак і ў сераду на гэтым тыдні ў Лібане адбыўся шэраг выбухаў спачатку пэйджараў і рацый, якімі карыстаюцца члены «Хезбалы». Загінулі амаль 40 чалавек, каля 3 тысяч атрымалі раненьні. У выбухах прылад групоўка абвінаваціла Ізраіль. Ізраільскія ўлады афіцыйна датычнасьць да інцыдэнтаў не пацьвярджалі.
  • 20 верасьня ізраільская авіяцыя атакавала Бэйрут. Па словах вайскоўцаў, цэлямі ўдараў былі камандзіры «Хезбалы». Міністэрства аховы здароўя Лібану паведаміла аб гібелі 37 чалавек і раненьні 60. «Хезбала» пацьвердзіла гібель 16 членаў групоўкі, сярод якіх два камандзіры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG