Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль і «Хезбала» абмяняліся ўдарамі. У Ізраілі заявілі, што атакавалі 180 аб’ектаў групоўкі


Ілюстрацыйнае фота. Ракеты, выпушчаныя з поўдня Лібану, перахопленыя ізраільскай сыстэмай СПА «Жалезны купал» на поўначы Ізраіля, 18 верасьня 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Ракеты, выпушчаныя з поўдня Лібану, перахопленыя ізраільскай сыстэмай СПА «Жалезны купал» на поўначы Ізраіля, 18 верасьня 2024 году

Пасьля ліквідацыі высокапастаўленых камандзіраў «Хезбалы» войска Ізраіля працягвае наносіць удары па аб’ектах групоўкі ў Лібане.

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) удзень 21 верасьня заявіла, што на працягу дня атакавала каля 180 аб’ектаў групоўкі «Хезбала» (прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і часткова ў Эўразьвязе) ў Лібане, а таксама нанесла ўдары «па тысячах пускавых установак, гатовых да неадкладнага выкарыстаньня для стральбы па ізраільскай тэрыторыі». Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што артылерыя Арміі абароны Ізраілю нанесла ўдары па шэрагу раёнаў на поўдні Лібану.

Лібанскія СМІ паведамляюць пра ўдары Ізраілю па абшырнай тэрыторыі на поўдні і ўсходзе Лібану, якія таксама выклікалі лясныя пажары, піша CNN. Дзяржаўнае інфармагенцтва Лібану NNA паведаміла, што 21 верасьня ізраільская авіяцыя нанесла агулам 111 авіяўдараў за адну гадзіну.

У той жа час ЦАХАЛ паведамляе, што з тэрыторыі Лібану па Ізраілі было выпушчана каля 90 снарадаў. «Хезбала» заявіла, што 21 верасьня абстраляла Ізраіль шматлікімі ракетамі «Кацюша».

Інтэнсіўнасьць гэтых авіяўдараў зьяўляецца адной з самых высокіх зафіксаваных з таго часу, як «Хезбала» пачала абстрэльваць ракетамі паўночны Ізраіль летась у падтрымку палестынскай радыкальнай групоўкі ХАМАС на фоне вайны Ізраіля ў Газе, адзначае CNN.

У ЦАХАЛ раней паведамілі, што напярэдадні ў выніку ізраільскага авіяўдару па прыгарадзе Бэйруту былі ліквідаваныя высокапастаўлены камандзір радыкальнай групоўкі «Хезбала» Ібрагім Акіл і Ахмэд Махмуд Вахбі, камандуючы ваеннымі апэрацыямі спэцпадразьдзяленьня «Радван», накіраванымі на падтрымку баевікоў ХАМАС. Агулам, паводле ЦАХАЛ, 20 верасьня былі ліквідаваныя сама меней 16 баевікоў «Хезбалы».

«Хезбала» таксама пацьвердзіла гібель 16 камандзіраў, забітых пры ўдары ізраільскага войска па Бэйруце 20 верасьня.

Дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Саліван 21 верасьня заявіў журналістам, што існуе рэальная «рызыка эскаляцыі» паміж Ізраілем і «Хезбалой»: «Рызыка эскаляцыі рэальная. Яна існуе з 7 кастрычніка. Ёсьць моманты, калі яна больш вострая, чым у іншы час. Я думаю, што мы знаходзімся ў адным з такіх момантаў, калі яна больш вострая», — сказаў Саліван, яго цытуе CNN.

  • 20 верасьня Армія абароны Ізраіля нанесла «кропкавы» удар па сталіцы Лібану Бэйруце, мэтай якога было ваеннае камандаваньне «Хезбалы».
  • Паводле апошніх зьвестак міністэрства аховы здароўя Лібану, пры ўдары па Бэйруце загінулі 37 чалавек, у ліку некалькі дзяцей, яшчэ 68 пацярпелі.
  • Ібрагім Акіл быў намесьнікам лідэра «Хізбалы» Хасана Насралы. Гэты пост ён заняў пасьля гібелі Фуада Шукра, які быў забіты пры ўдары ізраільскага войска па Бэйруце 30 ліпеня. У ЦАХАЛ Шукра назвалі адказным за ракетны ўдар па Галянскіх вышынях, у выніку якога загінулі 12 ізраільскіх дзяцей. У 2019 годзе Дзярждэпартамент ЗША уключыў Акіла ў сьпіс тэрарыстаў, а ў 2023-м прызначыў узнагароду ў памеры да сямі мільёнаў даляраў за інфармацыю пра яго месцазнаходжаньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG