У Нямеччыне гісторыкі выявілі раней невядомую п’есу Вольфганга Амадэя Моцарта. Нотны запіс знайшлі ў Музычнай бібліятэцы Ляйпцыгу.
Як мяркуецца, п’еса была створаная ў канцы 1760-х гадоў, калі Моцарту было ад 10 да 13 гадоў. Твор, які атрымаў назву Serenate ex C, упершыню выканаюць сёньня, 21 верасьня, у Ляйпцыгскім опэрным тэатры.
Сэрэнада для струннага трыё доўжыцца каля 12 хвілін і складаецца зь сямі мініятурных частак. Хутчэй за ўсё, юны Моцарт напісаў яе для сваёй сястры Нанэрль (Марыі Ганны).
П’еса захоўвалася сярод іншых нот і заставалася незаўважанай усе 233 гады, якія мінулі са дня сьмерці кампазытара. Яе знайшлі архівісты, якія рыхтавалі новае выданьне так званага каталёгу Кёхеля — поўнага храналягічнага сьпісу твораў Моцарта.
Навуковы кіраўнік фонду Mozarteum Ульрых Ляйзінгер паведаміў нямецкім СМІ, што, хоць поўную атрыбуцыю п’есы яшчэ не правялі, ён упэўнены, што музыка была напісана менавіта Моцартам, прычым у юнацтве. «Пасьля 17 гадоў, пасьля паездкі ў Італію, ён ужо больш так не пісаў бы», — лічыць музыказнаўца. Ляйзінгер назваў п’есу «раней невядомай і зусім чароўнай».
Каталёг Кёхеля — галоўны даведнік па спадчыне Моцарта — мінулым разам абнаўлялі ў 1964 годзе. З тых часоў гісторыкі музыкі ўнесьлі мноства зьменаў у апісаньне твораў аўстрыйскага клясыка, сыстэматызаваўшы іх і выключыўшы п’есы сумнеўнага аўтарства. Новае выданьне каталёгу рыхтавалася на працягу 18 гадоў і было прадстаўлена публіцы 19 верасьня ў папяровым выглядзе і анлайн.
Форум