Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». «Павінна выйсьці жывой», — Людміла Класкоўская пра перасьлед сем’яў палітвязьняў у Беларусі


Людміла Класкоўская па прылёце ў Швайцарыю.
Людміла Класкоўская па прылёце ў Швайцарыю.

Якія рэпрэсіі зазнаюць сем'і палітвязьняў? Як улады караюць за дапамогу родным за кратамі? Расказвае маці былой палітзьняволенай Вольгі Класкоўскай Людміла Класкоўская, якая была вымушаная эвакуавацца зь Беларусі. Сёлета ў студзені яе затрымліваў КДБ падчас масавага рэйду па сваяках палітвязьняў.

Глядзіце размову на відэа цалкам


Тут фрагмэнты гутаркі

— Людміла, раскажыце, што адбывалася з вамі ў студзені 2024 году, калі вас затрымліваў КДБ?

— Ужо зьявілася інфармацыя, што пайшлі першыя арышты, што затрымліваюць маці, іншых сваякоў палітзьняволеных і былых палітзьняволеных, якім аказвалася дапамога. Я разумела, што мой арышт — справа часу... Я ўжо не жыла на сваёй кватэры, бо замучылі гэтыя рэйды сілавікоў у пошуках Вольгі, ператрусы. Каля году я жыла ў знаёмых, сяброў, нават была зьнікла зусім з радараў, паехала ў глухую вёску, дзе не было нават інтэрнэту. Але калі прыехала ў Менск па сваіх справах і мне патэлефанавалі, я схапіла слухаўку, хоць і давала зарок ніколі не адказваць, калі ня бачыш, чый нумар... Вымушаная была дамовіліся сустрэцца зь імі каля станцыі мэтро. Адразу заўважыла двух спэцыфічных мужчын, зразумела, што па маю душу. Яны паказалі пасьведчаньні, адзін быў зь міліцыі, другі — з КДБ.

Пасадзілі ў машыну, забралі тэлефон і адразу сказалі, што вы затрыманыя па справе харчовых перадачаў, якія дасылалі дачцэ з дапамогай экстрэмісцкіх арганізацый і фондаў, якія вам аказвалі фінансавую дапамогу. Кажуць: упамінайце, хто вам што аплочваў. Напачатку, скажу шчыра, я разгубілася, але празь некалькі хвілінаў сабралася з думкамі і кажу сама сабе: «Людміла, зьбярыся, ты павінна выйсьці адсюль жывой і павінна нічога не сказаць лішняга».

Прывезьлі мяне ва ўпраўленьне КДБ Менскай вобласьці. Міліцыянт хутка зьнік, а кадэбэшнік застаўся і пачаў допыт. Ён задаваў пытаньні-пасткі, спрабаваў мяне справакаваць, каб я разьнервавалася, каб сказала нешта лішняе. Скажу, можа, сьмешную рэч, але гэтая рэч мяне ўратавала. Я скруціла дулю ў кішэні і сказала сабе: вось вам, а не адказы, вы мяне голымі рукамі проста так ня возьмеце.

Пасьля размовы ён прапанаваў лепей падумаць і сказаў, што мы пасьлязаўтра яшчэ пабачымся, бо я маю дачыненьне да фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці. І паказаў пастанову пракурора. Пракуратура Менскай вобласьці адкрыла крымінальную справу. Сказаў мне чакаць позвы ў суд.

— Што стала апошняй кропкай, калі вы прынялі рашэньне пакінуць Беларусь?

— Я патэлефанавала дачцэ. Вольга сказала, што я суду ня вытрымаю, што ня трэба было хадзіць да іх. Я кажу, што для мяне аднолькава, што пайсьці ў КДБ, што тэрмінова зьехаць з краіны. Гэта адзін і той жа стрэс. Можа быць адзін і той жа інфаркт. Тады я ўсё ж пачала задумвацца, што трэба зьяжджаць. Кожны чалавек ведае, што там за кратамі робіцца, як там загінулі людзі, якія хворыя яны выходзяць. Вольга да гэтага часу лечыцца. Я пабаялася, што я фізычна ня вытрымаю за кратамі, дый перадачы мне ня будзе каму насіць. Зараз так заціснулі кола вакол дапамогі, вакол салідарнасьці. Я падумала. што трэба рыхтавацца да ад’езду.

  • Дачка Людмілы Класкоўскай — былая палітзьняволеная журналістка Вольга Класкоўская, якая правяла ў зьняволеньні 791 дзень. За гэты час яе двойчы судзілі ў палітычна матываваных крымінальных справах, яна прайшла празь дзесяць этапаў і адбыла ў ШЫЗА і ПКТ агулам амаль 5 месяцаў.
  • Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі, адбыўся ў Беларусі 23 студзеня.
  • Прыкладна на 30 чалавек завялі крымінальныя справы за ўдзел у ініцыятыве INeedHelpBY, якая працавала праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт».
  • Апошнія тыдні праходзяць суды над затрыманымі ў студзені. На людзей завялі крымінальныя справы за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле гэтага артыкула затрыманым пагражае да 7 гадоў калёніі. Так, пасьля студзеньскага рэйду ў гэтай справе ўжо асудзілі 5 чалавек.
  • У верасьні за салідарнасьць з палітвязьнямі ў Беларусі судзяць сама меней 16 жанчын. Праваабаронцы паведамляюць, што на гэты момант каля 30 чалавек утрымліваюць пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, пераважна старэйшыя за 50 гадоў, і сваякі палітвязьняў.
  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, сама меней 126 чалавек падпалі пад судовы адміністрацыйны перасьлед за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» зь лютага 2024 году па ўсёй Беларусі.
  • Гэтага адміністрацыйнага артыкула раней у Беларусі не выкарыстоўвалі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG