Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільцянін патлумачыў кантакты зь іранскай выведкай: «У мяне жонка зь Беларусі, яе дорага ўтрымліваць»


Ерусалім, ілюстрацыйнае фота
Ерусалім, ілюстрацыйнае фота

Ізраільскі тэлеканал «Кан» апублікаваў дэталі з крымінальнай справы ізраіліцяніна Моці Мамана, які абвінавачваецца ў працы на іранскую выведку.

73-гадовы бізнэсовец тлумачыў свае перамовы зь іранцамі сваімі грашовымі патрэбамі — у прыватнасьці, казаў, што яму «дорага абыходзіцца ўтрымліваць жонку зь Беларусі».

Пра гэта піша ізраільскае выданьне Israelinfo.

«У мяне жонка зь Беларусі, яе дорага ўтрымліваць. Калі б я жыў у Беларусі, там усё танна, а тут выйсьці папіць піва каштуе 120 шэкеляў. Мне патрэбныя былі грошы, грошы мяне асьляпілі», — заявіў Маман.

Ён распавёў таксама, што іранцы не спадзяваліся забіць прэм’ера Бін'яміна Нэтаніягу ці кагосьці з міністраў, разумеючы, што іх моцна ахоўваюць, і высьвятлялі ў Мамана, ці нельга ўзарваць у аўтамабілі, напрыклад, мэра горада Наарыя (Маман меў бізнэс у гэтым горадзе і, як падазраюць, быў зьвязаны з мясцовым крыміналітэтам).

«Іранец пытаўся ў мяне, ці знаёмы я з мэрам Наарыі і ці гатовы я прывесьці ў дзеяньне бомбу, ад якой ён узьляціць у паветра. Яны хацелі чагосьці вялікага і гучнага, каб пра гэта казалі», — прызнаваўся бізнэсовец.

Ізраільская паліцыя і спэцслужбы заявілі, што яны сарвалі іранскую змову з мэтай забойства вышэйшых лідэраў, у тым ліку прэм'ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу.

Моці Маман, 73-гадовы ізраільскі бізнэсовец з горада Ашкелён, абвінавачваецца ў тым, што двойчы кантрабандным шляхам прабраўся ў Іран праз Турцыю, каб сустрэцца з супрацоўнікамі спэцслужбаў, якія кіравалі патэнцыйнымі змовамі з Тэгерана.

Дыскусіі нібыта ўключалі магчымыя пляны нападу на Нэтаньягу, міністра абароны Ёава Галянта, кіраўніка разведкі Shin Bet Ронена Бара і былога прэм'ер-міністра Нафталі Бэнэта.

Паліцыя і спэцслужба Шын Бэт заявілі, што меркаваныя змовы былі задуманы ў якасці адплаты за забойства кіраўніка ХАМАС Ісмаіла Ганіі ў Тэгеране ў ліпені, у якім Іран абвінаваціў Ізраіль.

«Грамадзянін Ізраіля запатрабаваў перадаплату ў памеры 1 мільёна даляраў, перш чым учыніць якія-небудзь дзеянні», — заявілі паліцыя і Шын Бэт. Больш за палову гэтай сумы ён нібыта атрымаў, піша abcnews.go.com

Жонка зь Беларусі, пра якую казаў Маман, таксама была дапытаная ізраільскімі спэцслужбамі. Яна прызналася, што ведала пра іранскія паездкі мужа і непакоілася з гэтай нагоды, а таксама паведаміла, што Маман пытаўся ў яе, ці ўпускаюць у Беларусь іранскіх грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG