Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прызнаў Эдмунда Гансалеса прэзыдэнтам Вэнэсуэлы


Эдмунда Гансалес
Эдмунда Гансалес

Эўрапейскі парлямэнт прызнаў апазыцыянэра Эдмунда Гансалеса законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.

Паводле тэксту прэсавага рэлізу, за рэзалюцыю, прынятую ў чацьвер, 19 верасьня, прагаласавалі 309 дэпутатаў, супраць — 201, і 12 парлямэнтароў устрымаліся ад галасаваньня, інфармуе Міжнароднае францускае радыё (RFI).

Паводле афіцыйных зьвестак, на выбарах 28 ліпеня перамог дзейны кіраўнік дзяржавы Нікаляс Мадура, які апярэдзіў Гансалеса амаль на 8 адсоткавых пунктаў. Аднак апазыцыя апублікавала свае падлікі, паводле якіх Гансалес адназначна выйграў, атрымаўшы 67% галасоў.

Нягледзячы на гэта, на пачатку верасьня Гансалес пакінуў Вэнэсуэлу — Гішпанія дала яму палітычны прытулак у сувязі з ордэрам на арышт апазыцыянэра, які выдалі вэнэсуэльскія ўлады.

Тэлеканал Euronews адзначае, што ніводная эўрапейская краіна афіцыйна не прызнала Гансалеса прэзыдэнтам. Але і заяву аб перамозе Мадура эўрапейскія дыпляматы называлі «ня вартай даверу».

У Эўрапарлямэнце за прызнаньне Гансалеса прэзыдэнтам выказаліся найперш ультраправыя, правыя і правацэнтрысцкія групы дэпутатаў. Упершыню за час працы новага скліканьня яны выступілі такім адзіным фронтам, адзначае Euronews і дадае, што левыя эўрапейскія дэпутаты выступілі супраць, лічачы падобны крок неабгрунтаваным.

Ухваленая Эўрапарлямэнтам рэзалюцыя патрабуе, у прыватнасьці, выдачы міжнароднага ордэру на арышт Нікаляса Мадура — за «злачынствы супраць чалавечнасьці» і «грубыя парушэньні правоў чалавека».

  • У дакладзе, апублікаваным ААН 17 верасьня, адзначаецца: пасьля пераабраньня Мадура 28 ліпеня ўлады Вэнэсуэлы актывізавалі свае «сьвядомыя і сплянаваныя дзеяньні, каб прымусіць замаўчаць і здушыць апазыцыю», задзейнічаўшы «самыя жорсткія формы рэпрэсіўнага апарату».
  • Хоць экспэрты ААН высока ацанілі арганізацыю галасаваньня, яны рэзка скрытыкавалі Нацыянальную выбарчую раду за парушэньне правілаў падліку галасоў і абвяшчэньне Мадура пераможцам яшчэ да атрыманьня вынікаў з выбарчых участкаў. У заяве экспэртаў гаворыцца, што гэта «ня мае прэцэдэнту ў сучасных дэмакратычных выбарах».
  • Больш як празь сем тыдняў пасьля выбараў выбарчыя ўлады да гэтага часу не прадставілі пратаколы галасаваньня, як таго патрабавала апазыцыя і большая частка міжнароднай супольнасьці, зьвяртае ўвагу RFI.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG