Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі генэрал заявіў, што расейскае войска стала лепшым, чым да ўварваньня ва Ўкраіну


Джэймс Хекер. Архіўнае фота
Джэймс Хекер. Архіўнае фота

Аднак, на думку экспэртаў, нядаўняе рашэньне Пуціна аб павелічэнні колькасьці расейскіх войскаў сьведчыць аб тым, што ён прайграе вайну ва Ўкраіне.

Узброеныя сілы Расеі сталі большыя і мацнейшыя, чым былі да ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, заявіў 17 верасьня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі ЗША ў Эўропе і Афрыцы генэрал Джэймс Гэкер.

«[Расейскія ўзброеныя сілы] становяцца большымі, яны становяцца лепшымі, чым былі раней... Насамрэч яны большыя, чым былі да пачатку [уварваньня]», — заявіў генэрал Гэкер журналістам на штогадовай канфэрэнцыі Асацыяцыі ВПС і касьмічных сіл (Air & Space Forces Association). Яго цытуе «Голас Амэрыкі».

Зьмены адбываюцца, нягледзячы на цяжкія страты, выкліканыя вайной ва Ўкраіне. Паводле ацэнак міністра абароны ЗША Лойда Остына, з 2022 году больш за 350 тысяч расейскіх вайскоўцаў былі забітыя або параненыя.

«Тэмпы страт, якія яны нясуць, ашаламляюць», — заявіў журналістам прэс-сакратар Пэнтагону Патрык Райдэр, адказваючы на пытаньне «Голасу Амэрыкі».

16 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выдаў указ аб павелічэньні штатнай колькасьці вайскоўцаў на 180 тысяч чалавек, гэта значыць да паўтара мільёна чалавек. У выніку Ўзброеныя сілы Расеі стануць другімі ў колькасьці ў сьвеце, саступаючы толькі Кітаю.

«Нам давядзецца мець справу з Расеей яшчэ доўгі час незалежна ад таго, чым усё гэта скончыцца», — заявіў Гэкер.

Аднак на думку навуковага супрацоўніка Інстытуту Кенана Ўільяма Памэранца, «гэты крок гаворыць аб тым, што Ўладзімір Пуцін прайграе вайну».

«Гэта адкрыты сыгнал Уладзіміра Пуціна аб тым, што яго армія і ўзброеныя сілы апынуліся ў цяжкім становішчы і ня маюць рэсурсаў для падтрыманьня войскаў на месцах», — сказаў Памэранц у гутарцы з «Голасам Амэрыкі».

Нягледзячы на посьпехі Расеі на полі бою, Украіна працягвае прабіваць праломы ў расейскай брані. Паводле ацэнак генэрала Гэкера, ёй удалося зьбіць больш за 100 расейскіх самалётаў з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня — на некалькі дзясяткаў больш, чым колькасьць украінскіх самалётаў, зьбітых Расеяй.

«Таму мы бачым, што самалёты застаюцца на сваім баку ад лініі фронту. А калі гэта адбываецца, пачынаецца вайна, падобная да той, якую мы бачым сёньня, з масавымі разбурэньнямі, калі гарады проста зносяцца і ўзнікае мноства ахвяр сярод цывільнага насельніцтва», — сказаў ён.

Каб атрымаць хаця б невялікую перавагу ў вайне, дзе ні ў аднаго боку няма відавочнага дамінаваньня ў небе, Украіна зьвярнулася да недарагіх рашэньняў, якія таксама спадабаліся амэрыканскім вайскоўцам.

«Мы павінны быць на правільным баку крывой затрат. Зьбіваць бесьпілётнікі-камікадзэ коштам 10-15-20 тысяч даляраў ракетамі за 1 мільён даляраў — мы проста ня можам сабе гэтага дазволіць у доўгатэрміновай перспэктыве», — сказаў генерал Гэкер.

Гэкер таксама паведаміў, што ЗША шукаюць больш эканамічныя спосабы выяўленьня пагроз у раёне вайсковых баз, у тым ліку такіх, як украінская сыстэма Sky Fortress, якая выкарыстоўвае тысячы недарагіх датчыкаў для выяўленьня паветраных пагроз. Паводле яго, тэхналёгія была прадэманстраваная ў Румыніі і іншых краінах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG