Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце абмяркоўваюць рэзалюцыю «Аб цяжкім становішчы палітвязьняў у Беларусі»


Сэсія Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры. 2024 год
Сэсія Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры. 2024 год

Эўрапейскія парлямэнтары ў праекце рэзалюцыі ацэньваюць «выбары 2020 году як ашуканскія» і патрабуюць «ад беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і адвольна затрыманых асоб».

Эўрапейскія парлямэнтары 18 верасьня на сэсіі ў Страсбуры абмяркоўвалі сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі.

Суаўтарка праекту рэзалюцыі, эўрадэпутатка ад Латвіі Сандра Калніетэ падчас дэбатаў заклікала ўлады Беларусі неадкладна даць Чырвонаму Крыжу доступ да такіх палітвязьняў, як Марыя Калесьнікава і Андрэй Пачобут. Яна адзначыла, што рэжым Лукашэнкі зьяўляецца суагрэсарам у расейскай вайне супраць Украіны і дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі.

Калніетэ, а таксама іншы суаўтар рэзалюцыі, дэпутат ад Нідэрляндаў Тэйс Ройтэн заклікалі распаўсюдзіць на ўлады Беларусі ўсе санкцыі, якія ўведзеныя супраць Расеі.

Эўрадэпутат ад Нямеччыны Сяргей Лагадзінскі назваў памылкай тое, што беларускіх палітвязьняў не было сярод удзельнікаў нядаўняга абмену паміж Захадам і Расеяй. Ён папрасіў за гэта прабачэньня ў беларусаў. Лагадзінскі, як і некаторыя іншыя дэпутаты, таксама заклікаў эўрапейскіх палітыкаў зрабіць перабываньне беларускіх палітычных уцекачоў у Эўразьвязе бясьпечным, даўшы ім патрэбныя дакумэнты і візы.

Эўрадэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўская ўпершыю сярод дэпутатаў Эўрапарлямэнту частку сваёй прамовы сказала па-беларуску, і ўсе выступоўцы падчас дыскусіі завяршалі свае выступленьні словамі: «Жыве Беларусь!».

Паводле інфармацыі Свабоды, праект рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту «Аб цяжкім становішчы палітычных вязьняў у Беларусі» зьмяшчае 9 пунктаў. У дакумэнце пералічаныя прозьвішчы 13 палітвязьняў і названая агульная колькасьць тых, хто знаходзіцца за кратамі на палітычных падставах, каля 1,5 тысячы.

У рэзалюцыі выказваецца асаблівая заклапочанасьць тым, што некаторых палітзьняволеных шмат месяцаў трымаюць бяз сувязі са зьнешнім сьветам і што пра іх стан немагчыма атрымаць інфармацыю — адзначаецца, што іх ізалююць, кепска абыходзяцца зь імі і проста катуюць. У прыватнасьці, згадваюцца Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Паліна Шарэнда-Панасюк, Павал Севярынец, Аляксандар Ярашук, Мікіта Залатароў і Яна Пінчук.

У праекце рэзалюцыі выказваецца шкадаваньне, што ніхто зь беларускіх палітзьняволеных ня трапіў у міжнародны абмен вязьняў.

Парлямэнтары «заклікаюць Сэрбію ўстрымацца ад экстрадыцыі беларускага журналіста Андрэя Гнёта, а ЭЗ і дзяржавы-сябры — сачыць за яго справай».

Таксама ў праекце рэзалюцыі зьмяшчаецца заклік «ЭЗ і яго сябрам працаваць над прыцягненьнем да адказнасьці за злачынствы рэжыму Лукашэнкі і актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі».

Парлямэнтары ў праекце рэзалюцыі ацэньваюць «выбары 2020 году як ашуканскія» і патрабуюць «ад беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і адвольна затрыманых асоб».

Галасаваньне аб рэзалюцыі чакаецца 19 верасьня ў Страсбуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG